Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аб забароне ўдзельнічаць украінскім спартоўцам у спаборніцтвах на адной пляцоўцы з расейскімі і беларускімі атлетамі. Аб гэтым паведамілі ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, аднак рашэньне пакуль не апублікавалі на афіцыйных урадавых рэсурсах. Пасяджэньне ўраду адбылося 4 красавіка.
На сайце Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны адзначаецца, што праект такога рашэньня там падрыхтавалі ў адказ на рэкамэндацыю Міжнароднага алімпійскага камітэту спартовым фэдэрацыям аб магчымым удзеле ў спаборніцтвах беларускіх і расейскіх спартоўцаў.
Згодна з паведамленьнем, праект такога рашэньня стаў вынікам нарад і кансультацый з кіраўніцтвам украінскіх спартовых фэдэрацый «з улікам пазыцыі Камісіі атлетаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны».
Дакумэнт прадугледжвае магчымасьць пазбаўленьня спартовых фэдэрацый статусу нацыянальных, калі іхныя спартоўцы будуць удзельнічаць у міжнародных спартовых спаборніцтвах разам з атлетамі з Расеі і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 4-ая краіна ЭЗ адмовілася праводзіць спаборніцтвы ў фэхтаваньні праз допуск спартоўцаў зь Беларусі і Расеі28 сакавіка па выніках пасяджэньня выканкаму ў Лязане (Швайцарыя) МАК выдаў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Аднак агаварыўся, што канчатковае рашэньне застаецца за самімі фэдэрацыямі.
Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты змогуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх тэнісістаў дапусьцяць на Ўімблданскі турнір пад нэўтральным сьцягам30 сакавіка Міжнародная фэдэрацыя настольнага тэнісу (ІТТФ) аб’явіла аб згодзе дапусьціць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай беларускіх і расейскіх удзельнікаў пры выкананьні імі строгага нэўтралітэту.
Раней стала вядома, што ў тым самым нэўтральным статусе расейцаў і беларусаў дапусьцяць да Ўімблданскага турніру, аднаго з найбольш прэстыжных тэнісных спаборніцтваў у сьвеце.
4 красавіка стала вядома, што Сусьветная фэдэрацыя тхэквандо таксама дазволіла беларускім спартоўцам удзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе.
5 красавіка Міжнародная фэдэрацыя коннага спорту, наадварот, падоўжыла адхіленьне расейцаў і беларусаў ад стартаў. Там адзначылі, што ў гэты момант даволі складана вызначыць нэўтральнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму выступаюць супраць удзелу Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК выступіў за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе