У Менску затрымалі праграмістку
У Менску затрымалі 30-гадовую праграмістку — знайшлі ў яе пнэўматычную зброю і бел-чырвона-белы сьцяг, паведамляе МУС.
У міліцыю зьвярнуўся «неабыякавы грамадзянін», які расказаў, што, праходзячы ля шматпавярховіка на вуліцы Гінтаўта, убачыў у акне кватэры на шостым паверсе бел-чырвона-белы сьцяг.
На гэты адрас прыехалі сілавікі. Гаспадыняй кватэры была 30-гадовая жанчына, якая працуе праграмістам у прыватнай фірме.
Паводле МУС, у яе кватэры нібыта знайшлі пнэўматычную зброю — аўтамат і чатыры пісталеты, а ў смартфоне — падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Жанчыну затрымалі і адправілі ў ІЧУ.
Адваката Арцёма Сям'янава зноў арыштавалі на 15 дзён
Адваката, як і мінулы раз, абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне міліцыянту), паведамляе «Вясна».
Яго павінны былі вызваліць з Акрэсьціна раніцай 4 красавіка, але перазатрымалі наўпрост у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у межах новай справы. 5 красавіка над адвакатам адбыўся чарговы суд.
Арцёма Сям'янава затрымалі напрыканцы сакавіка падчас «аблавы» на адвакатаў. Адвакат, сярод іншага абараняў Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Тацяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і шмат каго зь іншых палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У калёніі ўсё створана, каб выбіць глебу з-пад ног, каб чалавек упаў духам», — былая палітзьняволеная КласкоўскаяУ Гомлі — чарговая аблава сілавікоў
Мяркуючы па відэа сілавікоў, затрымана сама меней 8 чалавек. Калі да іх прыходзілі, не паведамляецца. Частку людзей затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а іншых, выглядае, нават не за палітыку, піша «Наша Ніва».
Адна з затрыманых — 23-гадовая Аліна Галінская. Яна кажа, што некалі была падпісаная на «экстрэмісцкія» каналы і пакідала там камэнтары. Яшчэ адзін затрыманы — 67-гадовы гамяльчук Ігар Лісоўскі. Яго таксама вінавацяць у «падпісцы на тэлеграм-каналы».
Прыходзілі таксама да 20-гадовага Марка Лебянка. За што яго затрымалі, няясна, бо ён кажа, што ня мае «экстрэмісцкіх» падпісак. У яго абсалютна не палітычныя сацсеткі, а на адным з фота ў «УКантакце» ён стаіць на ўрачыстай лінейцы «Гомсельмаша» побач з чырвона-зялёным сьцягам.
Яшчэ двое затрыманых кажуць, што некалі былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы, аднаго затрымалі за татуіроўку зь вядомым тэкстам пра копаў. Адзін з мужчын у відэа кажа, што быў судзімы за крадзеж магнітолы, але за што яго ўзялі цяпер — незразумела.
У Гомлі затрымалі таксіста
Бацьку дваіх непаўналетніх дзяцей, таксіста Рамана Арцёменку жорстка затрымаў АМАП яшчэ ў канцы студзеня, калі ён чакаў кліента каля аўтавакзала. Пра гэта стала вядома толькі ў красавіку, піша "Вясна".
Сябры чакалі Рамана з «сутак», і ім было вядома, што яго затрымалі за старыя падабайкі ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі». Цяпер Арцёменка знаходзіцца ў гомельскім СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны тэлеканал паказаў фільм пра «сетку СБУ» ў Беларусі. У ім назвалі новыя імёны абвінавачаных ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца заявіў, што той зьнік пасьля затрыманьня ў Менску