Пра гэта і пра іншае на ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» мы гаворым з кандыдатам гістарычных навук, былым загадчыкам катэдры этналёгіі гістарычнага факультэту БДУ Паўлам Церашковічам.
- 0:38 — чаму Карскага можна назваць самым пасьпяховым беларусам Расейскай імпэрыі
- 2:14 — хто такі Яўхім Карскі
- 2:54 — як лёс Карскага зьвязаны з князямі Сьвятаполк-Мірскімі
- 4:34 — як Сьвятаполк-Мірскія сфальшавалі сваё княскае паходжаньне
- 6:50 — як Тамаш Тэафіл Ян Сьвятаполк-Мірскі заснаваў у Парыжы акцыянэрнае таварыства па хрысьціянскай калянізацыі Альжыру
- 7:27 — як Тамаш Сьвятаполк-Мірскі падмануў Мікалая І
- 8:24 — як Сьвятаполк-Мірскія атрымалі пацьверджаньне княскага тытулу без дакумэнтаў
- 9:03 — чаму Пётар Сьвятаполк-Мірскі дапамагаў Карскаму грашыма ў яго беларускіх дасьледаваньнях і дзейнасьці
- 10:51 — чаму палякі не вучыліся ў Варшаўскім унівэрсытэце, рэктарам якога быў Карскі
- 13:05 — ці быў Карскі беларускім нацыяналістам
- 13:42 — чаму Карскі быў супраць хуткай беларусізацыі ў БССР
- 15:01 — як нашаніўцы назвалі яго «бацька наш Карскі»
- 16:11 — як Карскага ўспаміналі ў БССР у 1920 — 1930-я гады
- 17:49 — за што беларусы павінны быць удзячныя Карскаму
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Паўлам Церашковічам:
— Сёньня мала хто зьвяртае ўвагу на прафэсійную кар’еру Яўхіма Карскага да рэвалюцыі. Пішуць, маўляў, быў акадэмікам, стварыў «Мапу беларускага племені» і выдаў тры тамы «Беларусаў». А як складалася яго кар’ера, наколькі гэта быў пасьпяховы ў жыцьці чалавек?
— Гэта быў ня проста пасьпяховы чалавек і беларус. Гэта быў фэнамэнальна пасьпяховы чалавек.
Па-першае, трэба сказаць, што ён зьяўляецца бацькам беларускай філялёгіі і заснавальнікам беларусазнаўства як акадэмічнай дысцыпліны. Ён і першы беларускі акадэмік.
Але гэта далёка ня ўсё. Карскі — першы беларус, які стаў рэктарам унівэрсытэту. І ня проста ўнівэрсытэту, але Варшаўскага ўнівэрсытэту. Таксама трэба мець на ўвазе, што ў той час у Расейскай імпэрыі было ўсяго 11 унівэрсытэтаў. І нават сёньня цяжка ўявіць, каб філёляг стаў рэктарам унівэрсытэту. І цяжка ўявіць, каб нейкі іншы беларускі філёляг зрабіў такую кар’еру. Сёньня ў Беларусі больш за адзінаццаць унівэрсытэтаў, але, паўтараю, цяжка ўявіць, каб рэктарам стаў менавіта беларускі філёляг.
А вось Карскаму гэта ўдалося.
— Ці былі ў Карскага апекуны ці, прынамсі, тыя, хто яму дапамагаў у яго дзейнасьці?
— Мяне гэтая гісторыя цікавіла даўно. І менавіта супрацоўніцтва паміж Яўхімам Карскім і Пятром Сьвятаполк-Мірскім, які ў 1902–1904 гадах быў віленскім генэрал-губэрнатарам.
І вось такія навуковыя дасягненьні прафэсара Варшаўскага ўнівэрсытэту Яўхіма Карскага, як складаньне «Этнаграфічнай мапы беларускага племені» і выданьне першага тома «Беларусаў», былі непасрэдна зьвязаныя з гэтым генэрал-губэрнатарам, які ахвяраваў грошы Карскаму і на экспэдыцыі для складаньня гэтай мапы, і на выданьне першага тома «Беларусаў».
Для мяне было пытаньнем, што гэтае супрацоўніцтва значыла для Пятра Сьвятаполк-Мірскага. Ці гэта былі сантымэнты, зьвязаныя зь ягоным паходжаньнем, а значыць, яго сантымэнты адносна Беларусі, ці гэта былі крокі вельмі таленавітага палітыка.
— І якая ж ваша выснова? Наагул хто такія князі Сьвятаполк-Мірскія? Адкуль яны ўзяліся ў беларускай гісторыі? Іх няма сярод старых арыстакратычных сем’яў Вялікага Княства Літоўскага да ХІХ стагодзьдзя, а пасьля яны раптам зьяўляюцца і ў Расеі, і на тэрыторыі былога княства.
— Калі я стаў дасьледаваць гэтую гісторыю, я закрануў і паходжаньне Сьвятаполк-Мірскіх. І высьветлілася, што гэта вельмі цікавая гісторыя. І пачатак яе зьвязаны з Тамашом Тэафілам Янам Францішкам Сьвятаполк-Мірскім, які нарадзіўся ў 1788 годзе.
Гэта сапраўды ўнікальная асоба. І ня толькі таму, што гэта быў дзед віленскага генэрал-губэрнатара. Тамаш Тэафіл Ян — гэта асоба авантурыстычнага складу. Польскія гісторыкі пішуць, што ён ня меў ні тое што княскага, але нават і шляхецкага паходжаньня. Пішуць, што сапраўднае прозьвішча яго ня Мірскі, але Мёрскі. Ён быў бурмістрам невялічкага гарадка на Сувалкіі, і ў сувязі з тым, што там заўсёды былі неўрадлівыя глебы, ён накупіў іх даволі шмат. А калі прыйшла расейская адміністрацыя, то наяўнасьць вялікіх зямельных уладаньняў плюс авантурыстычны склад характару дазволілі яму пераканаць расейскія ўлады ў тым, што ён Сьвятаполк-Мірскі.
Гэта першая частка гэтай авантуры. Другая частка мела месца падчас паўстаньня 1830–1831 гадоў. Тады гэты Тамаш Тэафіл Ян, як і ўсе, пайшоў у паўстаньне, а пасьля апынуўся ў эміграцыі ў Парыжы. Там трэба было неяк выжываць, і ён засноўвае ў Парыжы Акцыянэрнае таварыства па хрысьціянскай калянізацыі Альжыру і зьяжджае туды са сваімі сынамі Зьмітром і Мікалаем. Але задума гэтая аказалася няўдалаю, і гадоў праз дзесяць ён зноў прыгадвае, што ён Сьвятаполк-Мірскі, і піша ліст расейскаму імпэратару Мікалаю І прыкладна такога зьместу: «Мы ж сваякі, мы ж Рурыкавічы, даруй, палякі нас паблыталі, уцягнулі ў паўстаньне, я не хацеў, дазволь вярнуцца на радзіму». І дзіўна, што Мікалай І купіўся на гэта і сям’і было дазволена вярнуцца ў Расею. Там Тамаш Тэафіл Ян вельмі хутка прыняў праваслаўе, як і ягоныя сыны, і ператварыўся ў Фаму Феафіла Івана, а сыны, адпаведна, сталі Іванавічамі.
І апошні цікавы момант. У 1861 годзе сям’я атрымала пацьверджаньне свайго княскага паходжаньня, але высьветлілася, што ніякіх дакумэнтаў няма. І тут зноў усё сьпісалі на палякаў, нібыта падчас паўстаньня 1830–1831 гадоў палякі наўмысна зьнішчылі ўсе паперы Сьвятаполк-Мірскіх, а яны, маўляў, сапраўды князі і нашчадкі Рурыкавічаў.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто не зьбіраўся іх ратаваць». Гісторык тлумачыць, што ня так з расейскім фільмам пра ратаваньне партызанамі габрэяў у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Ці пазначыў Скарына на партрэце свой узрост? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Хто каго навучыў піць гарэлку — беларусы расейцаў ці наадварот?
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.