Дарадца Ціханоўскай: Мы працуем над тым, каб на законапраект аб абмежавальных мерах у Літве не было накладзена вэта

Крысьціна Рыхтэр і Сьвятлана Ціханоўская

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай працуе над тым, каб на законапраект аб абмежавальных мерах у Літве не было накладзена вета, паведаміла яе дарадца па прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр у сваім інстаграм-акаўнце.

«Чаму я засяроджваю на гэтым увагу? Таму што ўчора прагучалі камэнтары дарадцы прэзыдэнта Літвы наконт таго, што ёсьць намер накласьці вэта на гэты законапраект. Мы зараз працуем над тым, каб гэтага не адбылося, таму гэты працэс усё яшчэ трэба адсочваць: у дэмакратычных краінах заканатворчы працэс не канчаецца на тым, што штосьці прынята», — адзначыла яна.

Рыхтэр таксама падкрэсьліла, што прыняты закон, напрыклад, прынцыпова не зьмяняе для грамадзян Беларусі абмежаваньні па візах (паводле дакумэнту, атрыманьне візаў магчымае толькі пры падтрымцы МЗС) — так для беларусаў было і раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэйм Літвы прагаласаваў у другім чытаньні за новыя санкцыі супраць расейцаў і беларусаў. Беларусам далі некаторыя палёгкі

Сэйм Літвы ўхваліў законапраект аб абмежавальных мерах у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны 4 красавіка.

Дакумэнь прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяў на атрыманьне візаў для грамадзянаў Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў Літвы.

Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага пасьведчаньня на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закране.

2 красавіка галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Гітанас Наўседа можа накласьці вэта на гэты закон, калі яго прымуць у рэдакцыі, якая тычыцца расейцаў у большай ступені, чым беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памочнік Наўседы не выключае, што прэзыдэнт Літвы накладзе вэта на законапраект аб абмежаваньнях на візы і ДНЖ для беларусаў і расейцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе Літва даваць візы і ВНЖ беларусам? Тлумачыць літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс