У Расеі пакаралі грамадзяніна, які вёў самастойную рэтрансьляцыю Радыё Свабода

Радыёпрымач. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія СМІ апублікавалі відэазапіс, на якім малады чалавек паказвае супрацоўнікам ФСБ Расеі самаробны перадатчык і тлумачыць, як ён запускаў эфіры.

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі заявіла аб выяўленьні жыхара гораду Люберцы Маскоўскай вобласьці, які арганізаваў саматужную рэтрансьляцыю расейскай службы Радыё Свабода.

У ФСБ паведамілі, што грамадзянін «зрабіў саматужным спосабам вяшчальны радыёперадатчык, і, ня маючы адпаведнага дазволу, арганізаваў у горадзе пэрыядычнае радыёвяшчаньне кантэнту Радыё Свабода».

Расейскія дзяржаўныя агенцтвы, цытуючы паведамленьні ФСБ, перадаюць, што мужчыну прызналі вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкула аб «парушэньні патрабаваньняў да выкарыстаньня радыёчастотнага спэктру», але цяпер «вырашаецца пытаньне» наконт завядзеньня крымінальнай справы аб распаўсюдзе ім непраўдзівай інфармацыі пра расейскую армію.

Агенцтва РБК апублікавала відэазапіс, на якім малады чалавек паказвае супрацоўнікам ФСБ самаробны перадатчык і тлумачыць, як ён запускаў эфіры. Потым дэманструюць кадры, як адзін зь сілавікоў па страхоўцы спускаецца ўніз па сьцяне шматпавярховага будынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў новы закон аб замежных агентах

У лістападзе 2017 году ў Расеі быў прыняты закон, які дазваляе прызнаваць «замежнымі агентамі» сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы. Мін'юст аднёс да «замежных агентаў» у тым ліку амэрыканскія СМІ, якія адрасаваныя расейскай аўдыторыі: «Голас Амэрыкі», Idel.Реалии, Кавказ.Реалии, Крым.Реалии, тэлеканал «Настоящее время», Татара-башкірскую службу Радыё Свабода (Azatliq Radiosi), Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ( PCЭ/PC), Сибирь.Реалии, «Фактограф» і Север.Реалии.

Прадстаўнікі расейскай улады неаднаразова сьцьвярджалі, што «закон аб СМІ — замежных агентах» — гэта «люстраная рэакцыя» на патрабаваньні амэрыканскага заканадаўства аб рэгістрацыі тэлеканала Russia Today у якасьці «замежнага агента».

У заяве для прэсы прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай назваў дзеяньні расейскіх уладаў «палітычна матываванымі».

«Гэта спроба прымусіць замаўчаць незалежныя мэдыя ў Расеі і пазбавіць аўдыторыю доступу да інфармацыі, якая не знаходзіцца пад кантролем Крамля, — гаворыцца ў заяве Флая. — Законы ЗША гарантуюць РСЭ/РC рэдакцыйную незалежнасьць. Любыя здагадкі наконт таго, што мы альбо нашы журналісты — агенты якога б там ні было ўраду, зьяўляюцца ілжывымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі будуць прызнаваць замежнымі агентамі грамадзян, якія «займаюцца палітыкай»