У аўторак у Вільні Сэйм Літвы ухваліў спэцыяльны закон, які прадугледжвае нацыянальныя санкцыі Літвы ў дачыненьні да грамадзян Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне, паведамляе агенцтва Bns.lt. Законапраект мае назву «Аб абмежавальных захадах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны». Плянуецца, што закон набудзе моц 3 траўня 2023 году і скончыць дзеяньне 2 траўня наступнага году.
За законапраект аб увядзеньні абмежавальных захадаў у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны прагаласавалі 76 дэпутатаў Сэйму, 13 былі супраць, 34 устрымаліся.
Паводле законапраекту, расейцам і беларусам вырашылі абмежаваць магчымасьці атрымліваць літоўскія візы, увозіць украінскія грыўні, прыяжджаць у Літву грамадзянам Расеі, набываць нерухомасьць, а іх заявы на афармленьне дазволаў на жыхарства ў Літве часова не прымаюцца да 3 траўня наступнага года.
На этапе прыёму паправак была адхіленая прапанова часова не прымаць расейскія і беларускія заявы на атрыманьне літоўскага грамадзянства.
Згодна з прынятым законам, прыпыняецца прыём візавых заявак грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача візавай анкеты адбываецца пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў Літвы.
Таксама да сярэдзіны красавіка наступнага года ня будуць прымацца звароты грамадзян Расеі аб выдачы ім часовага дазволу на жыхарства ў Літве. Выключэньне будзе тычыцца тых, хто мае пасярэднікаў у выглядзе ўстаноў, упаўнаважаных урадам Літвы, або тых, хто мае шэнгенскую візу, нацыянальную візу або дазвол на жыхарства ў краіне ЭЗ. Гэтае абмежаваньне ня будзе распаўсюджвацца на грамадзян Беларусі.
Дэпутат Ёнас Яруціс заклікаў беларусаў выкрасьліць, бо, паводле яго, гэта выкліча даволі сур’ёзныя цяжкасьці для літоўскіх перавозчыкаў з найманьнем грамадзян гэтай краіны ў якасці кіроўцаў.
Як і ў надзвычайным указе, закон прадугледжвае індывідуальны дадатковы пільны кантроль грамадзян Расеі пры перасячэньні вонкавай мяжы ЭЗ. Іх па-ранейшаму будуць ацэньваць на прадмет пагрозы нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, здароўю насельніцтва або міжнародным адносінам.
Гэтае палажэньне ня будзе распаўсюджвацца на расейцаў, якія маюць дазволы на жыхарства ў краінах ЭЗ, шэнгенскія або доўгатэрміновыя нацыянальныя візы краін Эўразьвязу, тых, хто едзе транзытам у Калінінградзкую вобласьць і з Калінінградзкай вобласьці, расейскіх дыпляматаў.
Прыняты закон прадугледжвае, што грамадзяне Расеі і заснаваныя або кіраваныя імі кампаніі ня змогуць набываць нерухомасьць у Літве, калі толькі яны ня маюць дазволу на жыхарства ў Літве або не атрымалі гэтую маёмасьць у спадчыну. Выключэньні закрануць толькі расейцаў, якія маюць пастаянны дазвол на жыхарства або набываюць нерухомасьць у краіне ў парадку атрыманьня ў спадчыну. Згаданая забарона ня будзе распаўсюджвацца на беларусаў.
Прадугледжваюцца абмежаваньні, зьвязаныя з наданьнем статусу электроннага рэзыдэнта: пасьля прыняцьця паправак да закону будзе анулявана дзеяньне электроннай ідэнтыфікацыі і электроннага подпісу грамадзян Расеі і Беларусі. Выключэньні будуць дзейнічаць толькі ў адносінах да асоб, якія маюць пастаянны дазвол на жыхарства ў Літве.
Старшыня Сэйму нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Касьцюнас і міністар унутраных спраў Агне Білатайце прапанавалі часова адмовіць расейцам і беларусам у атрыманьні грамадзянства Літвы, але большасьць парлямэнтароў не пагадзілася і гэтая санкцыя была адхілена.
Паколькі законапраект прадугледжвае розныя санкцыі для грамадзян Расеі і Беларусі, галоўны дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кястуціс Будрыс заявіў у нядзелю тэлеканалу LRT, што прэзыдэнт Гітанас Наўседа можа накласьці вэта на такі закон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памочнік Наўседы не выключае, што прэзыдэнт Літвы накладзе вэта на законапраект аб абмежаваньнях на візы і ДНЖ для беларусаў і расейцаўТэрмін дзеяньня гэтых абмежавальных мер — адзін год з дня набыцьця законам сілы, з 3 траўня 2023 году да 2 траўня 2024 году. Аднак урад будзе мець права прадоўжыць тэрміны, калі ўзьнікне неабходнасьць у такім рашэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідзе вайна». Літоўскі дэпутат пра законапраект, які закранае інтарэсы беларусаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.