Ва Ўкраіне абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе экспэрта, які заяўляў аб плянах Польшчы напасьці на Беларусь

Будынак СБУ. Кіеў, Украіна, 2019 год. Архіўнае фота

Юрыя Падаляку часта запрашалі як «украінскага палітычнага аглядальніка» дзяржаўныя СМІ Беларусі.

Служба бясьпекі Ўкраіны абвінаваціла ўкраінскага ўцекача Юрыя Падаляку, які жыве цяпер у Маскве і называе сябе палітычным аглядальнікам, у дзяржаўнай здрадзе, прапагандзе вайны і апраўданьні агрэсіі Расеі.

Юрый Падаляка нарадзіўся ў Сумскай вобласьці, скончыў Сумскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці журналістыка. З 2013 году жыве ў Маскве і займаецца блогерствам. Яго часта запрашаюць у якасьці экспэрта дзяржаўныя СМІ Беларусі. Там яго называюць «украінскім палітолягам» або «украінскім палітычным аглядальнікам».

У 2020 годзе ён расказваў беларускім гледачам, што ўсе «каляровыя рэвалюцыі» адбываюцца паводле аднаго сцэнарыю, а Беларусь зьяўляецца прыкладам таго, як перадухіляліся дэструктыўныя дзеяньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра ўкраінскіх экспэртаў, якія выступаюць на БТ у падтрымку Лукашэнкі

Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну Падаляка расказваў аб тым, што расейцы да 1 красавіка 2022 году возьмуць Кіеў, а за паўмесяца — увесь украінскі Данбас і поўдзень. У канцы 2022 году ён пачаў прасоўваць наратыў аб тым, што «Польшча плянуе анэксаваць частку Ўкраіны і напасьці на Беларусь».

Як паведамілі ў СБУ, сьледчыя сабралі «вычарпальную доказную базу» злачынстваў Юрыя Падалякі, які, «знаходзячыся на тэрыторыі краіны-агрэсаркі, бярэ актыўны ўдзел у інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыях расейскіх спэцслужбаў», заклікае да захопу Ўкраіны і падтрымлівае зьнішчэньне ўкраінскай цывільнай інфраструктуры.

Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньні паводле пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу, адзін зь іх (дзяржаўная здрада) прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падрыўная дзейнасьць на карысьць агрэсара». Украінскаму экспэрту, якога ў сваім эфіры паказвала БТ, пагражае да 15 гадоў турмы