Зяленскі разам зь віцэ-канцлерам ФРГ і генсекам Рады Эўропы наведалі Ягаднае на Чарнігаўшчыне, дзе расейцы катавалі ўкраінцаў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч і віцэ-канцлер Нямеччыны Робэрт Габэк. 4 красавіка 2023 году

Уладзімір Зяленскім расказаў замежным гасьцям, як закладнікі ў цемры пісалі на сьценах склепу прозьвішчы і даты сьмерці сваіх аднавяскоўцаў, а дзеці — радкі ўкраінскага гімну.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі разам зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Робэртам Габэкам і генэральным сакратаром Рады Эўропы Марыяй Пейчыновіч-Бурыч наведалі ў Чарнігаўскай вобласьці школу ў вёсцы Ягаднае, дзе расейцы падчас сваёй акупацыі стварылі катоўню ў склепе.

Расейская армія захапіла вёску Ягаднае Чарнігаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці 3 сакавіка 2022 году. Яны ўрываліся ў прыватныя дамы да ўкраінцаў, затрымлівалі іх, а потым пад канвоем і з пагрозамі расстрэлу перамяшчалі ў склеп мясцовай школы. Там на плошчы 197,6 квадратнага мэтра ўтрымлівалі 368 грамадзян, у тым ліку 69 непаўналетніх. На кожнага затрыманага прыпадала ўсяго паўмэтра. Найстарэйшаму з закладнікаў расейцаў Дзьмітру Музыку было 93 гады (ён памёр у склепе ў першы ж дзень расейскага палону), а наймалодшаму Дзьмітру Атрошчанку на момант затрыманьня не было і аднаго году.

Захопленыя ўкраінцы пісалі на сьценах склепу даты сьмерці сваіх аднавяскоўцаў. Вёска Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. 4 красавіка 2023 году

Уладзімір Зяленскі расказаў замежным гасьцям, як закладнікі ў цемры пісалі на сьценах склепу прозьвішчы і даты сьмерці сваіх аднавяскоўцаў, а дзеці — радкі ўкраінскага гімну.

«Гэта надзвычай важна, што людзі змаглі выжыць. Надзвычай важна, што нашыя войскі вызваляюць штодзень такія населеныя пункты, дзе сапраўдныя героі», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік Украіны дадаў, што лічыць важным, каб міжнародныя партнэры краіны на свае вочы пабачылі наступствы расейскай вайны і акупацыі.

Дзеці, якіх расейцы катавалі гэтаксама, як і дарослых, пісалі на сьценах склепу радкі ўкраінскага гімну. Вёска Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. 4 красавіка 2023 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трымалі разам зь нябожчыкамі. Як расейскія вайскоўцы, што ўвайшлі зь Беларусі, катавалі 368 украінцаў у адным склепе

У сакавіку 2021 году сьледчыя Чарнігаўскай абласной пракуратуры выставілі падазрэньні чатыром расейскім вайскоўцам, ураджэнцам Рэспублікі Тыва Расейскай Фэдэрацыі, датычным да катаваньня жыхароў Ягаднае ў склепе мясцовай школы.

У матэрыялах крымінальнай справы адзначалася, што расейскія вайскоўцы амаль месяц утрымлівалі людзей у цесным памяшканьні склепу разам зь целамі іншых аднавяскоўцаў, якія не вытрымлівалі ўмоў і паміралі. Іхныя целы не дазвалялі вынесьці і пахаваць. Апроч таго, у склепе не было сьвятла, вады і ежы. Людзі вымушаныя былі хадзіць у туалет у вёдры і спраўляць свае патрэбы ў прысутнасьці іншых, а напоўненыя фэкаліямі вёдры доўга стаялі ў тых жа памяшканьнях, дзе былі людзі.

Так расейская катоўня выглядае цяпер. Вёска Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. 4 красавіка 2023 году

Усе чацьвёра расейскіх вайскоўцаў – Віталь Монгуш, Аржаан Саая, Сіін-оол Суван, Назіці Монгуш (гэтыя прозьвішчы значацца ў матэрыялах крымінальнай справы і перададзеных у суд дакумэнтах. — РС) служылі ў 2-м мотастралковым батальёне 55-й асобнай брыгады 41-й агульнавайсковай арміі, якая дысьлякуецца ў горадзе Кызыл Рэспублікі Тыва Расейскай Фэдэрацыі. Гэтая армія ўваходзіла ва Ўкраіну з тэрыторыі Гомельскай вобласьці Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.