У панядзелак раніцай нафта маркі Brent таргавалася на ўзроўні 85 даляраў за барэль, што на 7% вышэй, чым напярэдадні.
У арганізацыю OPEC+ уваходзяць Саудаўская Арабія, Ірак, некалькі краін Пэрсыдзкай затокі, Казахстан, Альжыр і Расея. На іх долю прыпадае каля 40 працэнтаў вытворчасьці нафты ў сьвеце.
Саудаўская Арабія заявіла, што зьнізіць вытворчасьць на 500 тысяч барэляў за дзень, каб «падтрымаць стабільнасьць нафтавага рынку».
Віцэ-прэмʼер Расеі Аляксандр Новак таксама абвясьціў, што Масква падаўжае сваё рашэньне аб добраахвотным скарачэньні здабычы з сакавіка на паўмільёна барэляў на дзень да канца 2023 году, перадае ТАСС.
Ірак скароціць здабычу на 211 тысяч барэляў на дзень, ААЭ — на 144 тысячы.
Цяперашняе скарачэньне стане дадаткам да абвешчанага ў кастрычніку мінулага года зьніжэньня здабычы на два мільёны барэляў на дзень, якое крытыкавалі Злучаныя Штаты і іншыя заходнія краіны. ЗША абвінавацілі OPEC+ і аднаго зь лідэраў абʼяднаньня, Саудаўскую Арабію, у тым, што яна прытрымліваецца інтарэсаў Расеі, нягледзячы на вайну ва Ўкраіне.
У Белым доме заявілі, што лічыць новае скарачэньне неразумным.
Пры гэтым ЗША заклікалі вытворцаў нафты павысіць абʼёмы вытворчасьці, каб зьнізіць цэны на энэрганосьбіты і дапамагчы барацьбе з інфляцыяй, а таксама перашкодзіць Расеі атрымліваць больш даходаў для фінансаваньня вайны ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінфін РФ: нафтагазавыя даходы Расеі ў 2023 годзе зьнізіліся амаль удваяУ пачатку лютага заходнія краіны ўвялі практычна поўнае эмбарга на расейскі нафтавы экспарт, а таксама вызначылі гранічную цану на расейскую нафту ў $60 за барэль. У той жа час, як паведамляе The Wall Street Journal, Японія купляе расейскую нафту па цане, вышэйшай за 60 даляраў за барэль.
Паводле зьвестак выданьня, Токіё дабіўся ад ЗША выключэньня з узгодненай столі цэн для паставак з праекту «Сахалін-2». Японскія ўлады абгрунтавалі гэта тым, што ім неабходны доступ да расейскіх энэрганосьбітаў, а «Сахалін-2» — ключавая крыніца паставак звадкаванага прыроднага газу ў Японію. У ліпені мінулага года актывы апэратара «Сахалін-2» указам Уладзіміра Пуціна былі перададзены дзяржаве.
Цэны на нафт урэзка вырасьлі пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Яны дасягалі адзнакі 130 даляраў за барэль. Аднак у сакавіку гэтага году на фоне боязі, што сусьветны банкаўскі крызіс ударыць па попыце, упалі да 70 даляраў за барэль, што стала самым нізкім узроўнем за апошнія 15 месяцаў, адзначае Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белым доме ацанілі, як дзейнічае ўведзеная G-7 «столь цаны» на расейскую нафту