Хроніка перасьледу 3 красавіка: у Дзяржынску за тры дні затрымалі каля 45 чалавек, фігурантам «справы РЭП» пакінулі прысуды ў сіле

Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Затрыманьні ў Дзяржынску

У Дзяржынску зноў адбываюцца затрыманьні і ператрусы, паведаміла «Вясна». Паводле тэлеграм-канала «Койданава 2022», аўтобус сілавікоў стаіць побач з домам па вуліцы Ціхая, 3а.

На працягу апошніх трох дзён у Дзяржынску і ваколіцах праходзяць масавыя ператрусы і затрыманьні. Гэта зьвязана з тым, што 31 сакавіка ўздоўж дарогі каля гораду хтосьці вывесіў сьцяжкі Беларусі і Ўкраіны, а пры спробе іх зьняць сілавікі нібыта знайшлі выбуховую прыладу.

Агулам за гэтыя дні затрымалі каля 45 чалавек, паведамляе «Вясна», але большую частку адпусьцілі, некаторых пакінулі ў мясцовым РАУСе чакаць судоў па адміністрацыйных артыкулах.

Мясцовыя жыхары расказалі «Вясьне» падрабязнасьці затрыманьняў у Дзяржынску.

«Па некаторых адрасах хадзілі ўчастковыя, правяралі тэлефоны, амаль усім ставілі нейкі бот, падаецца, «Магніт» называецца, але і правяралі падпіскі, лайкі, прагляды, перапіску. Некалькі чалавек расказалі, што ім усталявалі маячкі на машыны».

Сілавікі затрымалі мужчыну за камэнтары

За камэнтары ў інтэрнэце сілавікі затрымалі чарговага беларуса. «Пакаяльнае» відэа зь ім зьявілася ў праўладным тэлеграм-канале. Пра затрыманьне пішуць праваабаронцы.

Мужчыну закідаюць аўтарства больш як 3 тысяч «экстрэмісцкіх» камэнтароў цягам апошніх двух гадоў, а таксама перакрыцьцё дарог падчас пратэстаў у 2020 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьледчы сказаў: „Будзеце адказваць за мужа“». Падрабязнасьці затрыманьня хворай жанчыны ў Гомельскай вобласьці

Фігурантам «справы прафсаюзаў» пакінулі прысуд у сіле

Абвінавачаныя па «справе прафсаюзу РЭП» палітзьняволеныя Васіль Берасьнеў, Генадзь Фядыніч і Вацлаў Арэшка былі асуджаныя 5 студзеня. Фядынічу і Берасневу прызначылі 9 гадоў калёніі, а Арэшку — 8 гадоў калёніі.

31 сакавіка ў Вярхоўным судзе пачалі разглядаць апэляцыйныя скаргі палітвязьняў. Пасьля агалошваньня скаргі і выступу абаронцаў судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Пятра Лістраценкі прыняла рашэньне перанесьці пасяджэньне на 3 красавіка.

А 3 красавіка судовая калегія пакінула прысуд бязь зьменаў, а скаргі — без задавальненьня. Палітвязьняў цяпер этапуюць у калёніі.