Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг раней заявіў, што Фінляндыя афіцыйна далучыцца да Паўночнаатлянтычнага саюзу ў найбліжэйшыя дні. Міністар замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста лічыць, што пытаньне будзе вырашана не пазьней, чым у бліжэйшыя два тыдні.
Паводле ацэнкі Хаавіста, Фінляндыя можа атрымаць афіцыйнае запрашэньне для ўступленьня ў NATO на пачатку наступнага тыдня, у панядзелак ці аўторак. Фінальная апрацоўка дакумэнтаў таксама ня зойме больш за тыдзень, — сказаў кіраўнік фінскага МЗС інфармацыйнаму агенцтву Yle.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Столтэнбэрг: Фінляндыя стане сябрам NATO ў «найбліжэйшыя дні»Фінляндыя і Швэцыя, якія раней займалі нэўтральны статус, вырашылі далучыцца да NATO пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Большасьць краін альянсу віталі гэтае рашэньне. Супраць выступалі Вугоршчына і Турэччына. Парлямэнт Вугоршчыны ратыфікаваў уступленьне Фінляндыі ў NATO 27 сакавіка. Пасьля ўхваленьня Турэччыны перашкод для далучэньня Фінляндыі да NATO больш няма.
У дачыненьні да Швэцыі Вугоршчына і Турэччына пакуль ня вынесьлі ўхваляльнага вэрдыкту. Вугоршчына спасылаецца на ўмяшаньне Швэцыі ў яе ўнутраныя справы, а таксама на неабходнасьць спачатку прыняць уласнае антыкарупцыйнае заканадаўства. Турэччына патрабуе ад Швэцыі заняць больш жорсткую пазыцыю ў адносінах да Рабочай партыі Курдыстана і экстрадаваць больш за 100 курдзкіх актывістаў, якія атрымалі палітычны прытулак у краіне. Анкара абвінавачвае іх у тэрарызьме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Фінляндыі падпісаў законы аб уступленьні ў NATO