МВФ ухваліў пакет фінансаваньня для Ўкраіны на 15,6 мільярда даляраў

Выканаўчая рада Міжнароднага валютнага фонду 31 сакавіка ўхваліла чатырохгадовы пакет фінансаваньня для Ўкраіны, каб дапамагчы ёй задаволіць тэрміновыя патрэбы ў фінансаваньні ў сувязі з уварваньнем Расеі, гаворыцца ў прэс-рэлізе фонду.

Новая дамова ў рамках Праграмы пашыранага фінансаваньня (EFF) на 15,6 мільярда даляраў — частка агульнага пакета падтрымкі для Ўкраіны на 115 мільярдаў даляраў.

Гэтая пазыка — найбольшая для Ўкраіны ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі 24 лютага 2022 году і першы буйны пакет, ухвалены МВФ для краіны, якая знаходзіцца ў актыўным канфлікце.

Акрамя таго, рашэньне рады дырэктараў дазваляе неадкладна выплаціць Украіне каля 2,7 мільярда даляраў ЗША.

Чакаецца, што ўхваленьне EFF мабілізуе маштабнае фінансаваньне на льготных умовах ад міжнародных донараў і партнэраў Украіны, каб дапамагчы вырашыць праблему плацёжнага балянсу краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў пакет дапамогі Ўкраіне на 2023 год у памеры 18 мільярдаў эўра

21 сакавіка Міжнародны валютны фонд і ўкраінскія ўлады папярэдне дамовіліся аб новым пагадненьні, якое прадугледжвае 15,6 мільярда даляраў пашыранай фінансавай дапамогі (EFF) і ўлічвае шлях Украіны да ўступленьня ў Эўразьвяз пасьля вайны.

Раней прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што праграма дапаможа Ўкраіне «прафінансаваць усе крытычныя выдаткі, захаваць макрафінансавую стабільнасьць і ўзмацніць узаемадзеяньне зь іншымі міжнароднымі партнэрамі».