Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту з патрабаваньнем спыніць БелАЭС

Міністэрства замежных спраў Літвы накіравала ноту пратэсту ў Менск з патрабаваньнем неадкладна спыніць Беларускую атамную электрастанцыю да вырашэньня ўсіх пытаньняў ядзернай бясьпекі, выяўленых міжнароднымі місіямі, піша выданьне LRT.

Літва зрабіла такі крок у адказ на інфармацыю пра тое, што Беларусь рыхтуецца падключыць другі блёк АЭС да сеткі, паведаміў у МЗС Літвы 31 сакавіка.

«Падрыхтоўка Беларусі да запуску другога энэргаблёку атамнай электрастанцыі, які мае дэфэкты, утойваньне ад грамадзкасьці інцыдэнтаў і дэфэктаў, пагрозы прэзыдэнта Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі гавораць аб безадказных паводзінах дыктатарскіх рэжымаў у дачыненьні да ядзернай энэргіі і становяць ядзерную пагрозу для ўсяго рэгіёну», — заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Як адзначаецца ў паведамленьні МЗС Літвы, у праекту БелАЭС «усё яшчэ шмат нявырашаных пытаньняў бясьпекі, такіх як узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе і насельніцтва Літвы, культура бясьпекі і выкананьне міжнародных рэкамэндацый».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўская выведка: Беларусь утаіла інцыдэнты, якія адбыліся на АЭС у Астраўцы ў 2022 годзе

9 сакавіка літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках Беларускай АЭС. У красавіку 2022 году першы энэргаблёк БелАЭС быў спынены для плянавага рамонту, але пра дэфэкты, выяўленыя падчас рамонту, не паведамлялася, адзначалася ў паведамленьні выведкі.

У МЗС Літвы заявілі, што бачаць рызыку таго, што тэхнічныя дэфэкты на станцыі будуць і пасьля ўводу ў эксплюатацыю другога энэргаблёку.

Міністэрства энэргетыкі Беларусі адпрэчыла даклад літоўскай выведкі, назваўшы яго «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС», і запэўніла, што ў 2022 годзе на станцыі прайшлі плянавыя рамонтныя работы, якія адпавядалі ўсім патрабаваньням наглядных органаў і міжнародных нормаў. Паводле ведамства, падчас плянавага рамонту на першым энэргаблёку правялі кантроль мэталу абсталяваньня і трубаправодаў і ня выявілі «ніводнага дэфэкту, які становіць пагрозу для ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэнэрга адпрэчыла заяву літоўскай выведкі, што Беларусь утаіла інцыдэнты на АЭС у Астраўцы

Другі энэргаблёк БелАЭС плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю ў другім паўгодзьдзі 2023 году, паведаміла Мінэнэрга.

25 сакавіка, паводле Мінэнэрга, другі энэргаблёк БелАЭС выведзены на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасьці — 1% ад намінальнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наўседа пра БелАЭС: «Мы ня можам дапусьціць паўтарэньня Чарнобылю ў Эўропе»