Былому спэцназаўцу прысудзілі 15 гадоў калёніі за падрыў міліцэйскай машыны ля РУУС

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У судзе Цэнтральнага раёну Менску па справе падрыву міліцэйскай машыны асудзілі былога спэцназаўца Максіма Селязьнёва, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя Дзьмітры Карсюк прызначыў яму 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічыняў.

Селязьнёва прызналі вінаватым па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 2 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя паўторна) і ч. 1 і ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу (акт тэрарызму, зьдзейсьнены паўторна).

У пастанове суду гаворыцца, што Селязьнёва прызналі вінаватым у зьдзяйсьненьні «акту тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку».

Таксама па гэтай справе да 3 месяцаў арышту за «неданясеньне аб злачынстве» асудзілі Дзьмітрыя Марцінкевіча. Суд цягнуўся месяц у закрытым рэжыме.

Здарэньне адбылося ў ноч з 7 на 8 студзеня 2022 году непадалёк ад будынка Цэнтральнага РУУС Менску. Пазьней СК паведаміў пра затрыманьне 45-гадовага менчука, які нібыта меў дачыненьне да падрыву аўто, а таксама да пашкоджаньня «Табакеркі» і урны для сьмецьця на Старавіленскім тракце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За падрыў міліцэйскай машыны ў Менску судзяць як за «акт тэрарызму»