Гомель — мінус 2182 чалавекі за год, Магілёў — мінус 2098. Як скарачаецца колькасьць жыхароў Беларусі. Мапа

Мапа: «Як за год зьмянілася насельніцтва Беларусі?»

У Горадзенскай і Магілёўскай вобласьці цяпер жывуць менш як па мільёну чалавек. Белстат агучыў сьвежую статыстыку аб колькасьці жыхароў краіны.

Мінус 54 907 чалавек — на столькі жыхароў Беларусі стала менш за апошні год, вынікае са сьвежай статыстыкі Белстату. Адчувальнае зьмяншэньне колькасьці жыхароў відаць ва ўсіх абласьцях.

За год беларускія гарады страцілі 19,7 тысячы чалавек, вёскі – 35,2 тысячы. У некаторых абласных гарадах жыхароў, наадварот, стала больш. Агулам за год зьмены па абласных гарадах выглядаюць наступным чынам.

  • Менск — мінус 1082 чалавекі
  • Берасьце — плюс 1738
  • Віцебск — мінус 1271 чалавек
  • Горадня — плюс 1224 чалавекі
  • Гомель — мінус 2182 чалавекі
  • Магілёў — мінус 2098 чалавек

У Менску колькасьць жыхароў скарачаецца другі год запар, хаця раней жыхароў беларускай сталіцы станавілася штогод толькі больш.

Дзьве беларускія вобласьці за год перасталі быць мільёньнікамі – гэта Горадзенская і Магілёўская. Агулам па абласьцях скарачэньне колькасьці жыхароў выглядае наступным чынам:

  • Менская — мінус 3734 чалавекі
  • Берасьцейская — мінус 8622
  • Віцебская — мінус 11885
  • Горадзенская — мінус 8014
  • Гомельская — мінус 10 428
  • Магілёўская — мінус 11 142
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За два гады насельніцтва Беларусі скарацілася амаль на 155 тысяч чалавек

У іншых беларускіх гарадах, дзе колькасьць жыхароў блізкая ці перавышае 100 тысяч чалавек, у асноўным насельніцтва таксама скарацілася. Выключэньне толькі Мазыр, дзе жыхароў стала больш на 354 чалавекі. А таксама Ліда, дзе жыхароў пабольшала на 436 чалавек.

У астатніх гарадах назіраецца скарачэньне жыхароў. За год насельніцтва Бабруйску зьменшылася на 1064 чалавекі, Баранавічаў — на 978 чалавек, Барысава — на 1294 чалавекі, Пінску — на 447 чалавек, Воршы — на 947 чалавек.

У Салігорску, дзе раней прырост адбываўся дзякуючы «Беларуськалію», за год жыхароў паменшала на 1032 чалавекі. У Наваполацку, дзе знаходзіцца буйны нафтаперапрацоўчы завод, людзей стала менш на 862 чалавекі.

Па зьвестках на 1 студзеня 2020 году, у Беларусі жылі 9,4 мільёна чалавек. Гэта значыць, за тры гады жыхароў стала менш на 209 тысяч чалавек. Гэта больш, чым насельніцтва Бабруйску.

З мэтадалягічных тлумачэньняў, якія прыводзіць Белстат у дадатак да падлікаў, незразумела, ці ўлічвае статыстыка тых, хто выехаў за межы Беларусі за гэты час. У дакумэнце пазначана, што ўлічваецца ўсё «пастаяннае насельніцтва», аднак незразумела, якім чынам гэта высьвятляюць дэмографы. Многія грамадзяне Беларусі, хто выехаў з краіны, застаюцца зарэгістраванымі на яе тэрыторыі па старых адрасах.

Некалькі тыдняў таму Белстат закрыў доступ да сваёй статыстыкі з-за мяжы. Сайт дасяжны толькі па беларускім ІП-адрасе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насельніцтва Беларусі за год зьменшылася амаль на 55 тысячаў чалавек