Такі адказ ад Зэльвенскага райвыканкаму праўладная актывістка Бондарава апублікавала ў сябе ў сацсетках. Дэмантаваць помнік мясцовыя улады ня будуць «з прычыны адсутнасьці рэглямэнтуючых нормаў». Як вынікае зь ліста, помнік паэтцы зьяўляецца ўласнасьцю Беларускай праваслаўнай царквы.
На момант яго ўзьвядзеньня парадак усталяваньня твораў манумэнтальнага мастацтва рэгламентаваўся палажэньнем, зацьверджаным пастановай ураду ад 06.09.2000 № 1393. Згодна з пунктам 4 гэтага дакумэнта, мэмарыяльныя ансамблі ствараюцца на падставе рашэньня ўраду.
У адказе таксама гаворыцца, што дакумэнты, якія пацьвярджаюць законнасьць устаноўкі бюста Ларысы Геніюш, не пададзеныя.
Цяпер парадак усталяваньня помнікаў вызначаны ўжо іншым дакумэнтам, згодна зь якім норма, якая рэглямэнтуе дэмантаж самавольна ўстаноўленых твораў мастацтва, адсутнічае. Гэта значыць, што, хаця помнік быў пастаўлены самавольна, знос яго таксама будзе незаконным, адзначае выданьне Zerkalo.io.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейскай актывістцы Бондаравай адмовілі ў завядзеньні справы за яе абразу- Прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава апошнім часам дамагаецца зносу помніка беларускай паэтцы і вязьню ГУЛАГу Ларысе Геніюш, які стаіць на тэрыторыі царквы Сьвятой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве з 2003 году.
- Летась у лістападзе Бондарава паведаміла, што дзякуючы супрацоўніцтву з уладамі з мэмарыяльнай зоны перад будынкам прыватнага музэю Анатоля Белага ў Старых Дарогах былі выдаленыя партрэты паэткі Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш, братоў Луцкевічаў, Кастуся Каліноўскага, дзеячоў БНР і БЦР.
- Летам 2022 году яна дамаглася, што Горадзенскі аблвыканкам адмяніў рашэньне аб наданьні Астравецкай бібліятэцы імя слыннага беларускага навукоўца Адама Мальдзіса.