Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перакананы, што заява расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб намеры разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю стала наступствам неатрыманых жаданых вынікаў ад візыту ў Маскву лідэра Кітаю Сі Цзіньпіна.
«Што гэта значыць? Гэта азначае, што гэты візыт ня быў выніковым для Расеі», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію агенцтву Associated Press.
Украінскі прэзыдэнт паведаміў, што хацеў бы правесьці сустрэчу з лідэрам Кітаю.
«Мы гатовы бачыць яго тут. Я хачу зь ім пагаварыць. У мяне быў кантакт зь ім перад поўнамаштабнай вайной. Але за ўвесь гэты год, больш за год, больш кантактаў у мяне не было», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР заклікала падняць тэму «расейскай ваеннай акупацыі» Беларусі на сэсіі Генасамблеі ААН25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абяцалі прыцягнуць Расею да адказнасьці за пляны разьмясьціць ядзерную зброю ў БеларусіМіністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
У ЗША паабяцалі прыцягнуць Расею да адказнасьці за пляны разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказы