Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША працягвае кансультацыі з Алімпійскім і Паралімпійскім камітэтамі ЗША, а таксама з краінамі-аднадумцамі ў сувязі з рэкамэндацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэту міжнародным фэдэрацыям адносна патэнцыйнага ўдзелу расейскіх ці беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах.
Пра гэта паведаміў намесьнік прэс-сакратара амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства Вэдант Патэль на брыфінгу 28 сакавіка.
«У нас па-ранейшаму выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць непасрэдныя сувязі паміж алімпійскімі і паралімпійскімі спартоўцамі і расейскімі ды беларускімі вайскоўцамі і нацыянальнымі спэцслужбамі, а таксама правапрымяняльныя мэханізмы МАК, якія не былі згаданы ў апублікаваных сёньня навінах», — заявіў сьпікер Дзярждэпартамэнту.
Раней стала вядома, што МАК дапусьціў удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах у нэўтральным статусе. Іх удзел у летняй Алімпіядзе ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях-2026 не абмяркоўвалася.
Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту 28 сакавіка абмеркаваў магчымасьць допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў. Па выніках пасяджэньня МАК дапусьціў удзел беларусаў і расейцаў у спаборніцтвах у нэўтральным статусе, але заявіў, што санкцыі, уведзеныя ў лютым 2022 году супраць беларускіх і расейскіх уладаў за вайну ва Ўкраіне, павінны заставацца ў сіле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК выступіў за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусеНа пасяджэньні выканкам МАК зацьвердзіў рэкамэндацыі для міжнародных спартовых фэдэрацый і арганізатараў міжнародных спаборніцтваў:
- спартоўцы зь беларускімі і расейскімі пашпартамі могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах толькі ў нэўтральным статусе,
- каманды спартоўцаў зь беларускімі і расейскімі пашпартамі не дапускаюцца да ўдзелу ў спаборніцтвах,
- спартоўцы, якія актыўна падтрымліваюць вайну, ня могуць браць удзел у спаборніцтвах (гэта ж датычыцца спартовага пэрсаналу),
- спартоўцы, якія маюць кантракты з расейскімі або беларускімі вайсковымі ведамствамі або спэцслужбамі, не дапускаюцца да спаборніцтваў (гэта ж датычыцца спартовага пэрсаналу),
- спартоўцы ў нэўтральным статусе павінны падпарадкоўвацца антыдопінгавым правілам,
- санкцыі, уведзеныя супраць расейскіх і беларускіх уладаў пасьля пачатку вайны, застаюцца ў сіле.
Санкцыі МАК маюць на ўвазе забарону на правядзеньне міжнародных спартовых імпрэзаў Расеі і Беларусі, забарону на выкарыстаньне нацыянальных сьцягоў і гербаў на міжнародных спартовых спаборніцтвах і нядопуск афіцыйных асоб з Расеі і Беларусі на іх.
У прэс-рэлізе па выніках пасяджэньня выканкама зазначаецца, што пытаньне ўдзелу спартоўцаў зь беларускімі і расейскімі пашпартамі на летняй Алімпіядзе ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях-2026 не абмяркоўвалася.
«МАК пакідае за сабой права прымаць рашэньне аб іх удзеле ў належны час, нават калі яны будуць лічыцца, што прайшлі кваліфікацыю ў адпаведнасьці з кваліфікацыйнымі крытэрыямі, вызначанымі іх адпаведнымі міжнароднымі фэдэрацыямі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Польшча, Латвія, Эстонія і Літва прынялі сумесную заяву, патрабуючы не дапускаць беларусаў і расейцаў да міжнародных спаборніцтваў