ЗША зноў асудзілі рашэньне Расеі разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі, але заявілі, што гэта не паўплывае на ядзерную пазыцыю Злучаных Штатаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Мы рашуча асуджаем гэтую заяву прэзыдэнта Пуціна, і гэта чарговы прыклад безадказнай ядзернай рыторыкі, якую мы назіраем з боку Расеі з пачатку яе поўнамаштабнага ўварваньня», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнта Вэдант Патэль.
Ён дадаў, што ў руках ЗША ёсьць шэраг інструмэнтаў «для прыцягненьня Расейскай Фэдэрацыі да адказнасьці», але не назваў іх.
«Вы бачылі, як мы прымалі захады ў ходзе гэтай несправядлівай і барбарскай вайны ва Ўкраіне, але мы ня ўбачылі ніякіх прычын для карэктаваньня нашай стратэгічнай ядзернай пазыцыі, роўна як і ніякіх прыкмет таго, што Расея плянуе прымяняць ядзерную зброю», — сказаў Патэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі патлумачылі рашэньне разьмясьціць ядзерную зброю «беспрэцэдэнтным ціскам» Захаду- 25 сакавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Паводле Пуціна, Аляксандар Лукашэнка даўно прасіў яго разьмясьціць такую зброю ў краіне.
- Як заявіў прэзыдэнт Расеі, будаўніцтва ў Беларусі сховішча тактычнай ядзернай зброі павінна завершыцца да 1 ліпеня. Акрамя таго, Беларусі перададзены ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і самалёты, якія могуць несьці ядзерныя ракеты.