У храме правялі дасьледаваньні і вызначылі аб’ём неабходных работ па аднаўленьні.
Чырвонаму касьцёлу шукаюць праектную арганізацыю, якая зоймецца яго аднаўленьнем.
Пра выбар праектнай арганізацыі афіцыйна паведаміў дырэктар «Менскай спадчыны» Аляксандар Кохан, піша minsknews.by.
Летась у верасьні ў касьцёле ноччу здарыўся пажар. Пасьля гэтага вернікаў і сьвятароў больш не пусьцілі ў касьцёл маліцца, хаця пашкоджаньні былі нязначныя.
Менгарвыканкам сьцьвярджае, што ў храме адключана электрычнасьць, цеплазабесьпячэньне і водазабесьпячэньне, і што ўсе гэтыя сыстэмы нібыта патрабуюць рамонтна-аднаўленчых работ. На гэтай падставе храм не адчыняюць для вернікаў. Ліст з такім паведамленьнем атрымалі парафіяне ў лютым з подпісам намесьніка старшыні выканкаму Арцёма Цурана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятарам дазволілі ўвайсьці ў Чырвоны касьцёл. Тое, што яны пабачылі, супярэчыць заявам уладаў- Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі. Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
- Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.