Беларусь уводзіць часовае ліцэнзаваньне вывазу за межы краіны пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, кукурузы, грэчкі, проса, трыцікале, іншай збажыны. Гэта прадугледжана пастановай Савету Міністраў ад 24 сакавіка 2023 году № 207, якая афіцыйна апублікавана 28 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведаміла БелТА.
У пераліку тавараў, у дачыненьні якіх будзе дзейнічаць часовае ліцэнзаваньне вывазу, таксама зерне драбнёнае, апрацаванае пшаніцы, жыта, іншых збожжавых, насеньне рапсу, сланечніка.
Як указана ў пастанове, вываз названых тавараў за межы Беларусі ажыцьцяўляецца па разавых ліцэнзіях, якія выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю па ўзгадненьні з аблвыканкамамі, Менскім гарвыканкамам. Разавыя ліцэнзіі выдаюцца ў парадку, аналягічным вызначанаму правіламі выдачы ліцэнзій і дазволаў на экспарт і (або) імпарт тавараў, прадугледжанымі дадаткам да пратаколу аб мерах нетарыфнага рэгуляваньня адносна трэціх краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледчыкі BEROC заўважылі прыкметы зьніжэньня дабрабыту насельніцтва і спрагназавалі тэмпы росту цэнаў у БеларусіГалоўная дзяржаўная інспэкцыя па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін і яе тэрытарыяльныя арганізацыі ў абласьцях ажыцьцяўляюць выдачу фітасанітарных сэртыфікатаў на тавары, якія вывозяцца за межы Беларусі, названыя ў дакумэнце, пры наяўнасьці ліцэнзіі на іх вываз.
Дзеяньне пастановы не распаўсюджваецца на тавары, якія вывозяцца ў дзяржавы – члены ЭАЭС і дзяржавы, якія не зьяўляюцца членамі ЭАЭС, для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі на падставе рашэньняў ураду Беларусі, а таксама ў якасьці запасаў. Дакумэнт не датычыцца і тавараў, якія перамяшчаюцца ў рамках міжнародных транзытных перавозак, якія пачынаюцца і завяршаюцца за межамі мытнай тэрыторыі ЭАЭС і пачынаюцца за межамі мытнай тэрыторыі ЭАЭС і заканчваюцца ў дзяржаве – члене ЭАЭС, а таксама зьмешчаных пад мытныя працэдуры ў краіне ЭАЭС і перамяшчаюцца транзытам празь Беларусь.
Пастанова набывае моц з дня яе апублікаваньня і дзейнічае на працягу шасьці месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заводы працуюць на плян, а не на попыт». Чаму ў Беларусі рэкордная загружанасьць складоў прадукцыяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Збожжавая ўгода» падоўжаная. Украіна сьцьвярджае, што на 120 дзён