Разьмяшчэньне Расеяй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі «стала б далейшай эскаляцыяй і прамой пагрозай эўрапейскай бясьпецы», заявіў у панядзелак на брыфінгу ў Брусэлі афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Пэтэр Стана.
«Мы ня бачылі пацьвярджэньняў ад беларускага боку таго, што гэта стаіць на парадку дня або калі-небудзь адбудзецца. Але калі гэта адбудзецца, вядома, будуць наступствы», — прыводзіць яго словы DW.
Стана заклікаў дачакацца рэакцыі на заявы прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, «які ўжо зьяўляецца саўдзельнікам гэтай жорсткай незаконнай агрэсіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз гатовы адказаць новымі санкцыямі на магчымую ядзерную зброю ў БеларусіДа гэтага Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у зьнешняй палітыцы і пытаньнях бясьпекі Жузэп Бурэль папярэдзіў, што Брусэль гатовы ўвесьці новыя санкцыі ў выпадку разьмяшчэньня Масквой тактычнай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі. «Беларусь яшчэ можа гэта спыніць, гэта іх выбар», — напісаў ён у Twitter.
Пэтэр Стана пацьвердзіў на брыфінгу, што такі крок не застанецца без адказу з боку краінаў ЭЗ, аднак адмовіўся абмяркоўваць санкцыі да іх прыняцьця Радай ЭЗ, бо гэтая працэдура строга канфідэнцыйная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля таго як завязуць ядзерную зброю, у Беларусі зьявіцца сталая расейская вайсковая база», — меркаваньне расейскага вайсковага экспэрта«Мы гатовыя да любога сцэнару і карэктуем працэс падрыхтоўкі санкцыяў па меры таго, як разгортваецца канфлікт і нарастае агрэсія. Кожнае рашэньне аб санкцыях зьвязанае з канкрэтнымі падзеямі на месцах. Такім чынам, яны, вядома, будуць улічваць новыя падзеі і эскаляцыю і будуць адпаведным чынам адаптаваныя», — сказаў Стана.
Цяпер краіны ЭЗ разглядаюць новы пакет санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, прапанаваны Эўракамісіяй у лютым.