Вайсковая контравыведка Польшчы заявіла, што выявіла замежніка, які падазраецца ў шпіянажы на карысьць беларускай выведкі

Супрацоўнікі польскіх спэцслужбаў, ілюстрацыйнае фота

Служба вайсковай контравыведкі (СВК) Польшчы паведаміла пра затрыманьне «замежніка, які працаваў на беларускія спэцслужбы». Гэта адбылося яшчэ 1 сакавіка, гаворыцца ў паведамленьні офісу міністра — каардынатара спэцыяльных службаў 27 сакавіка.

Як паведамляе ведамства, мужчына, які «працаваў на беларускія спэцслужбы», быў затрыманы «на падставе інфармацыі вайсковай контравыведкі».

Падазраваны ў шпіянажы займаўся выведкай аб’ектаў, «важных для бясьпекі Польшчы, у тым ліку зьвязаных з Узброенымі сіламі», цытуе паведамленьне BPN.

«Затрыманаму вылучылі абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць беларускай выведкі», — удакладнілі спэцслужбы.

Акруговы суд Любліна санкцыянаваў меру стрыманьня «ў выглядзе папярэдняга зьняволеньня тэрмінам на тры месяцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы па падазрэньні ў шпіянажы затрымалі дзевяць іншаземцаў, ёсьць зьвесткі, што трое зь іх беларусы

Па сьцьвярджэньні СВК Польшчы, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе «польскія службы ўжо затрымалі 20 чалавек, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з расейскай або беларускай выведкай».

Як паведамлялася раней, Агенцтва ўнутранай бясьпекі (АУБ) Польшчы затрымала дзевяць замежнікаў па падазрэньні ў супрацоўніцтве з расейскімі спэцслужбамі. Пра гэта паведаміў міністар унутраных спраў Марыюш Каміньскі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сярод іх трое грамадзян Беларусі.