966 жніўня 2020-га. У Варшаве паказалі ананімны беларускі спэктакль

Прэм’ера спэктакля «August» у Варшаве

У Варшаве ў Дзень Волі адбылася прэм’ера спэктакля «August». Гэта новы тэатральны праект BY teatr — суполкі беларускіх драматургаў, рэжысэраў, актораў і мастакоў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Прэм’ера спэктакля «August», паводле яго стваральнікаў, адбылася папраўдзе не 25 сакавіка 2023 года, а 966 жніўня 2020-га. Бо, як заўважыла адна гераіня, «для мяне той жнівень ня скончыўся».

Ананімны драматург, ананімныя артысты — зь меркаваньняў бясьпекі

Перад пачаткам спэктакля журналістаў і гледачоў папярэджваюць: здымкі артыстаў з адкрытымі тварамі забароненыя зь меркаваньняў бясьпекі, бо ў многіх у Беларусі застаюцца сваякі.

Падзеі разгортваюцца ў жніўні 2020 году, праз пару дзён пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Звычайная беларуская сям’я — Алена і Косьця — уначы чуюць за вакном выбухі, страляніну. Інтэрнэт блякуюць, але Алена праз VPN чытае навіны пра жорсткі разгон пратэстоўцаў, зьверства сілавікоў.

Алена была на выбарах назіральніцай, а дырэктарка гімназіі, дзе месьціцца выбарчы ўчастак, выклікала на назіральнікаў АМАП. А потым заявіла Алене, што яе 6-гадовага сына ў сваю элітную ўстанову ня возьме. Жанчына абурана расказвае пра гэта мужу: маўляў, «нашага сына ня возьмуць, бо гэта яе гімназія, яна там гаспадыня».

Косьця прызнаецца, што ў 31 год першы раз галасаваў на выбарах. Ён ідзе на вуліцу паглядзець, што адбываецца. Неўзабаве яго затрымліваюць.

Алену моцна падтрымлівае раней незнаёмая суседка Марына, якая бачыла, як Косьцю забіралі. А вось сьвякроў, маці Косьці, не разумее, чаго маладой сям’і не хапае, якіх перамен яны прагнуць. І не разумее, навошта Алена заключыла дамову з адвакатам: «Проста адбылося непаразуменьне, разьбяруцца і Косьцю хутка адпусьцяць». Дый наагул, «што гэта за такая дзіўная работа — адвакат»? 62-гадовая жанчына перакананая, што жыве ў квітнеючай краіне, што пэнсію ёй плаціць прэзыдэнт.

Суседка Марына і адвакатка пасьля выклікаў у Сьледчы камітэт пераконваюць Алену выяжджаць зь дзецьмі з краіны — Косьцю ўсё адно ўжо не дапаможаш. Сьвякроў Алены ў шоку.

Жнівень — ад слова «жать»?

Героям неабходна зрабіць нялёгкі выбар. Трэба перажыць гэты бясконцы жнівень. Усе яны спадзяюцца, што неўзабаве пойдуць дажджы, змыюць жнівень — і наступіць верасень. Але жнівень 2020-га працягваецца. Ён і дагэтуль ня скончаны для многіх людзей, якія засталіся ў краіне.

На экране дата — 966 жніўня 2020 году. У фінале спэктакля гучаць маналёгі кожнага з герояў.

Косьця расказвае, як ён сядзеў на Акрэсьціна з цудоўнымі людзьмі самых розных прафэсій, інтэлектуаламі, якія дзяліліся сваімі ўнікальнымі ведамі.

Гісторык паведаміў, як некалі заснавальнік Рымскай імпэрыі Актавіян Аўгуст вырашыў перайменаваць месяц сэкстылій у гонар сябе і на адзін дзень падоўжыў яго, каб ня быў карацейшым за папярэдні ліпень.

А вядомы лінгвіст патлумачыў, што на цюрскіх мовах жнівень — гэта «тамыс», перакладаецца як «час распальваньня вогнішчаў». На пэрсідзскай мове жнівень — «нордат», што азначае «вечнае жыцьцё, неўміручасьць».

«Але мне больш падабаецца, як гэты месяц называецца па-беларуску, жнівень. «Жнівень» — от слова «жаць», «ціснуць» , — перакананы Косьця.

«Самае важнае ня страчваць беларускі тэатральны парадак дня ў Польшчы»

Гледачы вельмі цёпла прынялі новы тэатральны калектыў, многія не хавалі сьлёз. У залі былі і акторы-купалаўцы, а таксама экс-міністар культуры, кіраўнік «НАУ» Павал Латушка. На спэктакль прыйшлі і прататыпы галоўных герояў спэктакля Алены і Косьці — Марына і Павал. Гэта іх рэальная гісторыя ўзятая за аснову драматургам. Спэктакль ім спадабаўся, Марына плакала.

«Аднак у параўнаньні з тымі рэпрэсіямі, якія адбываліся ў Беларусі пасьля і працягваюцца дагэтуль, падзеі жніўня 2020 года здаюцца цяпер даволі «лайтовымі», — мяркуе Павал, пратапыт Косьці.

Выканаўца ролі Косьці выказаў думку, што першы праект BY teatr атрымаўся.

«Сёньня ў Варшаве паўстала новая тэатральная агенцыя, і мэтай яе ёсьць пастаноўка такіх спэктакляў сучаснай беларускай драматургіі, якія будуць дазваляць беларускім акторам, рэжысэрам, сцэнографам існаваць і, што самае важнае — ня страчваць беларускага тэатральнага парадку дня ў Польшчы (а можа, і ў Эўропе, у сьвеце). І далей разьвівацца.

Мы гралі на пляцоўцы тэатральнага інстытуту, рэпэтыцыі былі і ў Новым тэатры Варшавы, і на пляцоўцы WOK. Нам вельмі важна, каб польскія тэатральныя інстытуцыі працягвалі дапамагаць беларускім творцам. Бо многія хочуць працаваць. Усё ўпіраецца ў грошы і матэрыяльна-тэхнічныя магчымасьці», — кажа актор.

Пляцоўку для прэм’еры новаму тэатральнаму калектыву BY teatr даў Варшаўскі тэатральны інстытут (Instytut Teatralny im. Zbigniewa Raszewskiego).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юля Цімафеева па вяртаньні з Аўстраліі: «Даводзіцца прывыкаць пакаваць сваё жыцьцё ў чамаданы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2-3 спэктаклі на месяц». Алег Гарбуз пра тое, што адбываецца з «Купалаўцамі»