Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дому Джон Кірбі заявіў, што ЗША адсочваюць рэалізацыю заяў расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі.
«Мы ня бачылі ніякіх прыкмет таго, што ён выканаў гэтае абяцаньне або перамяшчаў ядзерную зброю. Насамрэч мы ня бачылі ніякіх прыкмет таго, што ён мае намер выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць Украіны», – заявіў Джон Кірбі ў эфіры тэлеканалу CBS.
Паводле яго, такая рэакцыя Расеі, пэўна, зьвязана з паведамленьнямі аб намеры Вялікай Брытаніі перадаць Украіне снарады са зьбедненым уранам. «Радыяактыўнай пагрозы ад снарадаў са зьбедненым уранам, якія часта выкарыстоўваюцца на полі бою, няма. Такія снарады выкарыстоўвае нават Расея», – патлумачыў прадстаўнік Белага дому.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандр Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада бясьпекі Ўкраіны: «Крэмль узяў Беларусь у ядзерныя закладнікі»Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна патрабуе склікаць Раду бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна пра ядзерную зброю ў Беларусі