Украіна запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады бясьпекі ААН у сувязі з заявай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны.
Кіеў чакае рашучых крокаў ад пастаянных членаў Рады бясьпекі — Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і Кітаю.
Расея таксама зьяўляецца пастаянным чальцом Рады бясьпекі і мае ў ёй права вэта.
Намеры Расеі разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю ў заяве названы «чарговым правакацыйным крокам». МЗС Украіны таксама зьвяртаецца да беларускага грамадзтва з заклікам «не дапусьціць рэалізацыі злачынных намераў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ больш канфрантацыі, яшчэ меней бясьпекі. Беларусь ператвараецца ў ядзернага закладніка ПуцінаNATO ў нядзелю раскрытыкавала рашэньне Расеі, назваўшы яго «небясьпечным і безадказным». Пры гэтым у заяве адзначаецца, што пакуль няма прыкметаў таго, што Расея рыхтуецца прымяніць ядзерную зброю; не мяняецца і ўзровень боегатоўнасьці саюзьнікаў па NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: «Лукашэнка неаднаразова парушаў Канстытуцыю і зрабіў гэта яшчэ раз, пазбавіўшы краіну нэўтральнага і бязьядзернага статусу»