— Я разумею, што захаваць і ўжываць нашу мову — абавязковая ўмова выжываньня. Усе разумеюць, чаму менавіта расейскую трэба выкінуць. Але, на маю думку, прапанова нешта выкінуць зьяўляецца спробай абмежаваць людзей па асобных прыкметах, разрозьніць і забраць сілу.
— Трэба адмаўляцца ад штампаў прапаганды. Ня ведаю прыкладаў, каб хтосьці расейскую мову прапанаваў «выкінуць». Як і ніводнага прыкладу «гвалтоўнай беларусізацыі». Бо беларушчына дадаецца ў рэчаіснасьць, а не «выкідае» расейскую. Хоць відавочна, што гэта мова імпэрскай агрэсіі, якая «на роўных» ня можа існаваць зь іншымі і будзе іх «выкідаць», пакуль ня выкіне да канца.
— Людзі часта кажуць, што падчас ператрусаў «сілавікі» апісваюць і забіраюць тэхніку, а наяўныя грошы забіраюць сабе бяз вопісу і вяртаньня. Чаму так?
— Службоўцы выконваюць загад. Відавочна, што ім загадваюць: паводзьцеся так, як захопнікі на чужой зямлі, усё, што спадабаецца, забірайце сабе, а гаспадароў гвалтуйце і рабуйце, як гэта ў мінулыя вякі рабілі акупанты падчас войнаў. Зразумела, што вашы грошы тут — як бонус ад іх начальства, хутчэй за ўсё, самага высокага. Бярыце, красаўцы, усё, што знойдзеце, гэта ваша. І нават калі простага загаду няма, ёсьць негалосны дазвол такім чынам пажыўляцца. Без дазволу яны б гэтага рабіць не маглі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра нацыянальны колер Беларусі, сваркі ў дэмакратычным асяродку і выцясьненьне з ужытку расейскай мовы— Уявім сабе новую дэмакратычную Беларусь. Якое месца ў ёй зойме ГУБАЗіК?
— Ніякага. Палітычная паліцыя, створаная Лукашэнкам для захаваньня асабістай улады, проста зьнікне празь непатрэбнасьць. І арганізаваная злачыннасьць, і карупцыя, для барацьбы зь якімі быў створаны гэты орган, у Беларусі сёньня — частка «дзяржаўнай палітыкі».
Не спатрэбіцца таксама АМАП, Сьледчы камітэт і мноства іншых структур палітычнага перасьледу. Міліцыя, КГБ і пракуратура будуць займацца сваёй статутнай дзейнасьцю, а не палітычнымі рэпрэсіямі за іншадумства.
— Што нам дае памяць пра БНР і чаму мы сьвяткуем 25 сакавіка?
— БНР увасабляе чыстую Беларусь, якой яна паўстала сама зь сябе, нікім і ніадкуль не прынесеная і не накінутая, задоўга да савецкай русіфікацыі. Свая дзяржава, якая прадстаўляе інтарэсы ўсіх беларусаў і бароніць іх правы, разьвівае сваю мову і культуру, сваё бачаньне ўласнага гістарычнага лёсу.
Кажучы сучасным штампам, БНР для беларуса — зона максымальнага камфорту, той ідэал беларускага жыцьця, якога мы сёньня ня маем, але да якога імкнемся, нават падсьвядома, бо ніякай лепшай альтэрнатывы яму не існуе ў прыродзе. Вераб’ю найлепей жыць вераб’ём, а ня буслам, і наадварот.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці была ў 2020 магчымасьць перамен, навошта Кітаю падтрымліваць Лукашэнку і як заставацца шчасьлівым, калі побач вайна— Навошта падпісваць пэтыцыі ў інтэрнэце? Хіба яны могуць мець вынік?
— Гэта мінімальнае дзеяньне, якое паказвае, што грамадзянская супольнасьць Беларусі ня зьнікла, што прававое поле, няхай сабе «на грамадзкіх пачатках» застаецца важным для вялікай колькасьці людзей.
Скажам, пэтыцыю за вызваленьне Нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага падпісала ўжо больш за 60 тысяч чалавек. Працэдура займае адну хвіліну. А ўрэшце гэта годны адказ на тэзіс рэжыму пра тое, што «иногда не до законов». Людзі з гэтым не пагадзіліся, гэта значыць, што таталітарызм у Беларусі не такі ўжо і таталітарызм, калі б сьціхлі ўвогуле ўсе.
— Ці можна пасьля 60 гадоў пачаць новае жыцьцё ў новай краіне? Працы няма, пэнсія беларуская маленькая, а заставацца дома небясьпечна.
— Што адразу заўважаеш у Літве, напрыклад, — гэта колькасьць людзей у гадах на самых розных працах. Няма эйджызму. Гэта ўжо нямала.
Калі хапае здароўя, знайсьці працу заўсёды можна. Ёсьць дэмакратыя і бясьпечнае асяродзьдзе. Яшчэ адзін плюс. А далей усё залежыць ад вашага ўласнага погляду на самога сябе.
Гэта зусім ня «новае жыцьцё», якое трэба «пачаць», а тое самае ваша жыцьцё ў новых абставінах. Ня чуў ніводнага выпадку, каб хтосьці пасьля 60-ці зусім не ўпісаўся ў гэтыя абставіны. І гэта таксама плюс. Пасьля вымушанага пераезду зусім ня так проста «прапасьці».
❓ Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра інцыдэнт у Мачулішчах, стратэгію дэмакратычных сіл і паглынаньне Беларусі Расеяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра дэтэктар хлусьні для журналістаў, масавыя ўцёкі пасіянарыяў на Захад і «адмену» расейскай культуры ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці Лукашэнка трымаецца пры ўладзе дзякуючы русыфікацыі, куды лепш эміграваць і ці ёсьць нейкая карысьць у вайне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Чаму Эўропа не плянуе ісьці на Маскву, як распазнаць агента КДБ і пра жыцьцё «па маскоўскім часе» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Ці бываюць беларусы імпэрцы, пра наступствы падзелу Расеі, зьнішчэньне беларускай мовы і шпіца на стале ў Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра Новы год, «калектыўны Захад» і калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадому ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра найбліжэйшы беларусам народ, тарашкевіцу/наркамаўку і кветкі на магілу Макея