Аляксандар Лукашэнка замест беларусаў павіншаваў з Днём незалежнасьці народ Грэцыі

25 сакавіка Аляксандар Лукашэнка павіншаваў народ Грэцыі з Днём незалежнасьці, паведамляе ягоная прэс-служба.

«Для беларусаў Грэцкая Рэспубліка вядомая як дзяржава з багатай гісторыяй і непаўторнай культурай, сардэчнымі і гасьціннымі людзьмі», — гаворыцца ў віншаваньні, у якім Лукашэнка выказвае спадзяваньне да «аднаўленьня і паглыбленьня паважлівага і партнэрскага супрацоўніцтва з Атэнамі» і жадае жыхарам Грэцыі «здароўя, росквіту і дабрабыту».

Віншаваньня беларусам з гадавінай незалежнасьці абвяшчэньня БНР, як і ў мінулыя гады, ад Лукашэнкі няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад нас залежыць нашая будучыня — ад кожнага й кожнай з нас!» Старшыня Рады БНР павіншавала беларусаў з Днём Волі. ВІДЭА

Сёньня беларусы па ўсім сьвеце сьвяткуюць Дзень Волі — 105-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.

З гэтай значнай датай гісторыі беларусаў ужо павіншавалі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшла нашая чарга абараніць сябе». Ціханоўская падзякавала беларусам і павіншавала іх з Днём Волі

У гонар Дня Волі і міжнароднага Дня салідарнасьці зь Беларусьсю ля будынка Сэйму Літвы ўзьнялі нацыянальны гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг. Таксама бел-чырвона-белыя сьцягі ўзьнялі ў двух гарадах Польшчы: у на будынку мэрыі Элку і на бальконе Гасьцявога Палаца па вул. Кіліньскага ў Беластоку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беластоку і Элку да беларускага Дня Волі вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. Фота

Імпрэзы да Дня Волі плянуюцца і розных краінах сьвету: Літве, Польшчы, Украіне, Грузіі, Чэхіі, Нямеччыне, Бэльгіі, Нідэрляндах, Швэцыі, ЗША, Канадзе і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Вільні да Вашынгтону. Як беларусы будуць сьвяткаваць сёлетні Дзень Волі па ўсім сьвеце