Амбасада ЗША ў Менску, камэнтуючы інфармацыю пра задзейнічаньне Маскоўскага мэханізму ў дачыненьні да Беларусі, абавязалася «прыцягваць рэжым» Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці «на ўсіх даступных пляцоўках», піша BPN.
Амэрыканскія дыпляматы чарговы раз заклікалі вызваліць усіх беларускіх палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 38 краінаў АБСЭ перазапусьцілі Маскоўскі мэханізм у дачыненьні да БеларусіАмбасада Францыі ў Беларусі, вітаючы выкарыстаньне гэтага мэханізму, паведаміла, што дакладчыкам па ім плянуюць прызначыць францускага экспэрта.
«Францыя ізноў рашуча асуджае сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і саўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў незаконнай і неапраўданай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні францускай амбасады.
У 2020 годзе Парыж удзельнічаў у папярэднім ужываньні Маскоўскага мэханізму ў дачыненьні да Беларусі — з прычыны рэпрэсіяў у краіне, распачатых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык АБСЭ па Беларусі: «Час гэтага рэжыму паступова падыходзіць да канца»Дарадца дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр заявіла BPN, што высновы місіі Маскоўскага мэханізму можна будзе выкарыстоўваць як доказы на трыбунале над Лукашэнкам.
Арганізацыя Human Rights House Foundation таксама адзначыла, што даклад у рамках гэтага мэханізму «стане яшчэ адной важнай падставай для прыцягненьня да адказнасьці».
Важнасьць Маскоўскага мэханізму заключаецца ў дакумэнтаваньні фактаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і далейшым прыцягненьні вінаватых да адказнасьці, заявілі ў МЗС Ліхтэнштэйна.
- 23 сакавіка сталая прадстаўніца Канады пры АБСЭ Джосэлін Кінір выступіла з сумеснай заявай ад дэлегацыяў 38 краін-удзельніц арганізацыі пра запуск у дачыненьні да Беларусі Маскоўскага мэханізму.
- Дзеяньне гэтага мэханізму прадугледжвае, што для вывучэньня сытуацыі ў краіне фармуюць місію або прызначаюць дакладчыкаў, якія вывучаюць дакумэнты, апытваюць сьведак і магчымых ахвяраў парушэньня правоў чалавека, а пасьля збору матэрыялаў даюць рэкамэндацыі як краіне, у якой адбываецца парушэньне, гэтак і іншым краінам-удзельніцам АБСЭ.