Дадаць павагу, прыбраць маніпуляцыі. Як арыентаваць беларускую гінэкалёгію на жанчын

Беларускую гінэкалёгію я ўзгадваю як страшны сон, хоць да прасунутых узроўняў гэтай гульні — цяжарнасьці і родаў — не дайшла. Але сутыкалася і з ігнараваньнем сымптомаў, і з падыходам «народзіш, і ўсё пройдзе», і зь біяпсіяй без абязбольваньня, і з балючымі маніпуляцыямі без папярэджаньня адразу пасьля маёй просьбы папярэдзіць. І, вядома ж, як і іншыя жанчыны, бачыла ў жаночых кансультацыях пралайфэрскую прапаганду.

Пасьля пераезду ў суседнюю Латвію я ўбачыла, што ўсё можа быць зусім інакш. Аказалася, гінэкалягічныя аддзяленьні ў паліклініках і лякарнях могуць быць арыентаваныя на жанчын. Аказалася, да мяне могуць ставіцца як да паўнавартаснай пацыенткі нават пры тым, што я не цяжарная цяпер і не пляную цяжараць прынамсі ў бліжэйшы час. Аказалася, маё так званае жаночае здароўе можа турбаваць доктарак ня толькі ў пляне рэпрадуктыўных пэрспэктыў.

Спачатку я думала напісаць тэкст пра тое, якой павінна быць гінэкалёгія ў будучай вольнай Беларусі, але хутка сябе паправіла. Жанчыны заўжды маюць права на якасную дапамогу і годнае стаўленьне. Гінэкалёгія і акушэрства павінны быць арыентаваныя на жанчын ужо сёньня, і шмат для якіх зьмен зусім ня трэба траціць вялікія грошы. Трэба проста памятаць, што кожная жанчына, якая зьвяртаецца па дапамогу, — чалавек.

Ніякіх карцін зь мілымі немаўляткамі

Цяпер беларускія жаночыя кансультацыі арыентаваныя выключна на жанчын, у якіх жаданая і лёгкая цяжарнасьць канчаецца родамі здаровага немаўляці без аніякіх ускладненьняў. Вось толькі прыходзяць у гэтыя кансультацыі зусім розныя жанчыны — і тыя, хто гадамі змагаецца зь бясплоднасьцю, і тыя, што страцілі жаданую цяжарнасьць, і тыя, што нарадзілі мёртвае дзіця ці страцілі яго неўзабаве пасьля родаў. Туды прыходзяць жанчыны пасьля згвалтаваньняў, туды ж ідуць перарываць нежаданую цяжарнасьць. Там жа робяць першасную дыягностыку анкалягічных захворваньняў, правяраюцца на вэнэрычныя хваробы, абіраюць мэтады кантрацэпцыі, лекуюць гарманальныя разлады.

І не павінна быць аніякай герархіі — шчасьлівыя мамы і іх інтарэсы не павінны быць у прыярытэце перад усімі астатнімі. Хочацца дэкору на сьцены? Ёсьць безьліч нэўтральных варыянтаў — хвалі, кветкі, аблокі і інш., — якія ня стануць трыгерам для жанчын, якія перажылі выкідыш ці сьмерць немаўляці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хопіць адкладаць жаночыя праблемы на потым

Ніякай пралайфэрскай прапаганды

Я ведаю, што спасылацца на беларускія законы — гэта кепскі тон, але ўсё адно нагадаю, што царква ў Беларусі аддзелена ад дзяржавы і што рэлігійнай агітацыі ня месца ў мэдычнай установе. Калі для жанчыны мае значэньне, што думаюць сучасныя хрысьціянскія сьвятары пра яе цяжарнасьць, яна мае магчымасьць пайсьці з гэтымі пытаньнямі ў царкву. У паліклініках і лякарнях месца мэдыцыне і навуковым фактам, а не расказам пра душу і маніпулятыўным малюнкам, дзе ролю 6-тыднёвага эмбрыёна грае ў лепшым выпадку 9-месячны плод, а ў горшым — чатырохгадовае дзіця, якое і праўда можа адчуваць, думаць і размаўляць.

Камэнтары наконт рэпрадуктыўных плянаў — толькі на запыт

У Беларусі мне рэгулярна даводзілася нешта адказваць на пытаньні кшталту «Чаму вы не плянуеце цяжарнасьць?» і выслухоўваць нейкія камэнтары да майго адказу, якім бы ветлівым ці саркастычным ён ні быў. І ні разу такі дыялёг ня быў зьвязаны непасрэдна з тэмай здароўя. Проста доктаркі лічылі патрэбным паведаміць мне, іхнай пацыентцы, пра свае погляды на сямейнае жыцьцё і рэпрадуктыўныя стратэгіі.

А адна доктарка дык увогуле замест пытаньня пра сэксуальную актыўнасьць пыталася, ці замужам я. І калі я на чарговым візыце сказала, што хачу плянава прайсьці тэст на ВІЧ, яна адказала: «Ну так, ты ж ня замужам».

Гэта ўсё, вядома, недапушчальна, і мэдыкаў абавязкова трэба вучыць этыцы і дэанталёгіі ня дзеля птушачкі, а па-сапраўднаму. У тым ліку ў іх павінна быць яснае разуменьне, што нельга выказваць уласныя ацэнкі нечага, калі на гэта не было запыту, і тым больш калі гэта не зьвязана наўпрост са здароўем і прычынай візыту пацыенткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры жаночыя ідэі для новых падручнікаў па гісторыі

Перадабортныя кансультацыі — толькі на запыт, з псыхолягам і ў інтарэсах пацыенткі

Сёньня ў Беларусі жанчыны, якія хочуць перарваць цяжарнасьць, абавязаныя прайсьці праз так званую перадабортную кансультацыю, задача якой — не дапамагчы жанчыне разабрацца ў пачуцьцях і зрабіць найлепшы для сябе выбар. Адзіная задача гэтых кансультацый — адгаварыць цяжарную ад аборту. У 2017 годзе журналісткі Яўгенія Доўгая і Анастасія Аўхімовіч правялі экспэрымэнт і запісалі, што ў рэальнасьці адбываецца на такой кансультацыі. Калі каротка — дэзынфармацыя, запужваньні і рэлігійная агітацыя.

Ніхто з нас гэтага не заслугоўвае. Хутчэй бы ўжо ўсе зразумелі такую простую і такую радыкальную думку: жанчына — гэта чалавек, а правы жанчыны — гэта правы чалавека.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.