Дасьледчыкі BEROC заўважылі прыкметы зьніжэньня дабрабыту насельніцтва і спрагназавалі тэмпы росту цэнаў у Беларусі

У менскай краме, ілюстрацыйнае фота

Зьніжэньне попыту на валюту, мінімальны прыток тэрміновых рублёвых укладаў (без уліку працэнтаў і налічэньня сямейнага капіталу) і ўмераны рост крэдытаваньня на фоне даступнасьці растэрміновак і зьніжэньня працэнтных ставак «ускосна сьведчаць аб зьніжэньні ўзроўню дабрабыту беларусаў».

Такую выснову робіць дасьледчы цэнтар BEROC у экспрэс-аналізе «Эканамічная актыўнасьць і інфляцыя ў Беларусі».

Інфляцыя ў Беларусі паскорылася з 0,8% у студзені да 1,3% у лютым 2023 году, і цэны працягнуць расьці ў бліжэйшыя месяцы, прагназуе BEROC, адзначаючы паступовае аднаўленьне росту базавага індэкса спажывецкіх цэнаў пасьля «ручнога» зьніжэньня ў кастрычніку — лістападзе 2022 году.

«Траекторыя інфляцыі паказвае на захаваньне праінфляцыйнага ціску, які паступова трансьлюецца ў рост цэнаў пасьля зьмякчэньня адміністрацыйнага кантролю за імі. Верагоднымі фактарамі гэтага ціску выступаюць паслабленьне беларускага рубля, падвышаныя выдаткі з прычыны трансфармацыі вытворча-лягістычных сувязяў, а апошнім часам, магчыма, і рост заработнай платы», — гаворыцца ў справаздачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каціцца на дно разам з Расеяй Менску ня хочацца, але куды падзецца? — эканаміст Крук

У бліжэйшыя месяцы рост цэнаў, верагодна, працягнецца тэмпамі 0,5–0,7% у месяц без уліку сэзоннасьці, адзначаецца ў аналізе. У той жа час будзе назірацца рэзкае зьніжэньне гадавой інфляцыі (з 11,7% у лютым да 6–7% у сакавіку і бліжэй да 5% у красавіку).

Аб’ём інвэстыцый крыху зьнізіўся ў лютым 2023 году ў параўнаньні са студзеньскім узроўнем. Адбылося гэта «з прычыны карэкцыі ўніз будаўніцтва і іншых прац і выдаткаў».

«У цэлым інвэстыцыі ў лютым прыкметна недацягвалі да даваенных узроўняў: бізнэс-клімат у Беларусі застаецца неспрыяльным, цяжкасьці з пастаўкамі, верагодна, у цэлым захоўваюцца, нягледзячы на пазытыўныя зрухі ў асобных сэктарах», — мяркуюць экспэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сэнатар» Рачкоў заклікаў у Вене скасаваць санкцыі. Летась ён хваліў іх за «новыя магчымасьці»

Розьнічны таваразварот у лютым крыху павялічыўся, аднак прырост істотна запаволіўся. Павышэньня заробкаў з кастрычніка 2022-га ва ўмовах скарачэньня занятасьці пакуль «недастаткова для разгону спажывецкага попыту, узровень якога прыкметна адстае ад даваеннага», — адзначаюць экспэрты.

28 лістапада 2022 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год, згодна зь якімі прырост ВУП заплянаваны на ўзроўні 3,8%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 4,1%, інвэстыцый у асноўны капітал — 22,3%, экспарту тавараў і паслугаў — 5,5%.

Інфляцыя заплянаваная на ўзроўні 7–8% паводле ўказу і 6% — паводле плянаў ураду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт ухваліў стратэгію эканамічных санкцый, каб «пазбавіць прыбыткаў „гаманцы“ рэжыму»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на санкцыі, Польшча экспартуе ў Беларусь тавараў на 1,5 млрд эўра
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік індустрыяльнага парку «Вялікі камень» заявіў, што выдаткі на парк не акупіліся