Дэмакратычная лідэрка Беларусі заклікала ЗША падтрымліваць Беларусь у барацьбе за незалежнасьць і дэмакратычныя каштоўнасьці, узмацняючы санкцыйны ціск на Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку.
«ЗША трэба вывучыць магчымасьць выкарыстаньня другасных санкцый для выяўленьня і блякаваньня актываў рэжыму за мяжой», — сказала Ціханоўская, гаворачы аб спробах двух рэжымаў абысьці абмежаваньні і забароны.
Яна вітала выдачу Міжнародным крымінальным судом ордэра на арышт Пуціна і заклікала «не забывацца на Лукашэнку», які «таксама падзяляе адказнасьць за злачынствы супраць чалавечнасьці і агрэсію».
«Мы павінны вызначыць працоўны мэханізм у рамках міжнародных арганізацый і за іх межамі, які можа дапамагчы нам аднавіць справядлівасьць у Беларусі і Ўкраіне», — сказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская правяла першыя сустрэчы ў час візыту ў Вашынгтон і заклікала прызначыць спэцпрадстаўніка ЗША па БеларусіЦіханоўская заклікала ЗША прыняць «новы плян Маршала»: «Як і ў 1945 годзе, вы можаце дапамагчы аднавіць нашу эканоміку і нашы краіны. Выйграць вайну, не забясьпечыўшы міру, — значыць пакінуць дзьверы адчыненымі для новага канфлікту».
Ціханоўская таксама заклікала Кангрэс і прэзыдэнта Джо Байдэна стаць «лідэрамі ў глябальнай барацьбе з тыраніяй». «Для нас важна мець скаардынаваную стратэгію ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады», — дадала палітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне стартуе пяты Форум Каліноўскага. Што ў праграме?