21 сакавіка Сойм Літвы ў першым слуханьні прыняў закон «Аб увядзеньні абмежавальных мер у дачыненьні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны».
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр патлумачыла, што гэта азначае для грамадзян Беларусі:
- Гэты закон не мяняе візавых абмежаваньняў, якія ўжо існуюць для беларусаў.
- Гэтыя ўвялі ў сувязі з абвешчаным Надзвычайным палажэньнем. Гуманітарныя візы выдаваліся з падтрымкай МЗС Літвы, і для людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій рэжыму, працэс атрыманьня візаў застанецца нязьменным.
- Грамадзяне Беларусі, якія ўжо маюць часовыя дазволы на жыхарства, або нацыянальныя літоўскія візы, або шэнгенскія візы, выдадзеныя Літвой, змогуць надалей падавацца на атрыманьне часовага віду на жыхарства.
- Гэты закон таксама абмяжоўвае атрыманьне электроннага рэзыдэнцтва і электроннага подпісу, і пакуль што не да канца зразумела, ці будзе ў тых, хто ўжо меў рэзыдэнцтва, магчымасьць абнавіць яго, калі скончыцца тэрмін яго дзеяньня.
Нельга казаць, што дадзеныя абмежаваньні не адпавядаюць міжнародным стандартам правоў чалавека, адзначылі ў Пераходным Кабінэце і офісе Ціханоўскай.
«Закон абараняе інтарэсы Літвы ў галіне нацыянальнай бясьпекі, і мы разумеем турботу краіны. На наш погляд, закон павінен быць накіраваны на тых людзей, хто, прыехаўшы ў Літву, працягвае супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі фінансава ці шляхам перадачы інфармацыі сілавым структурам. І ў гэтай частцы асьцярогі літоўскага ўраду зразумелыя. Беларускія дэмакратычныя сілы ў гэтай частцы толькі вітаюць намаганьні Літвы, разумеючы небясьпеку прысутнасьці такіх людзей на яе тэрыторыі. Аднак у Літоўскай Рэспубліцы нямала людзей, якія вымушана пераехалі ў краіну праз палітычна матываваны перасьлед і працягваюць супраціў рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
Таксама падкрэсьліваецца, што «гэты закон бʼе і па тых, хто пражыў у Літве больш за 10 гадоў, бо законам прыпыняецца разгляд заяў аб прыёме ў грамадзянства Літвы».
«Гэтае палажэньне тычыцца тых, хто яшчэ да падзей 2020 году і нават да анэксіі Крыму апынуўся тут, пабудаваў сваё жыцьцё тут — вывучыў мову, уладкаваўся на працу або адкрыў сваю справу і робіць істотны ўклад у эканоміку Літвы. Такія кампаніі, як FLO, Wargaming і EPAM, ужо традыцыйна ўваходзяць у топ IT-бізнэсаў па выплачаных падатках, а большасьць іх супрацоўнікаў — грамадзяне Беларусі. Больш за тое, пры прыёме ў грамадзянства Літоўскай Рэспублікі прэтэндэнты праходзяць строгі кантроль, у тым ліку з боку службаў бясьпекі Літвы».
У Аб’яднаным пераходным кабінэце і Офісе Ціханоўскай адзначылі, што «для таго, каб пазьбегнуць непаразуменьняў зь літоўскім бокам, яны гатовыя актыўна працаваць зь дзяржавай, каб абмежаваньні не закраналі тых, хто выразна і адназначна выказаўся супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і супрацьстаіць чалавеканенавісьніцкай палітыцы рэжыму Лукашэнкі».
«Мы можам прапанаваць Літве распрацоўку мэханізмаў вэрыфікацыі і іншай неабходнай падтрымкі, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары не сутыкаліся зь неапраўданымі абмежаваньнямі на свой адрас, а таксама не адчувалі сябе ў сытуацыі нявызначанасьці. Законапраект у прапанаваным выглядзе стварае значныя цяжкасьці для законапаслухмяных і ляяльных Літве грамадзян Беларусі, у тым ліку тых, што доўгі час пражываюць у Літоўскай Рэспубліцы.
Мы адсочваем рэакцыю нашай дыяспары на дадзены законапраект і ведаем пра ўсе тыя турботы, якія ўзьнікаюць у чатах беларусаў у Літве», — гаворыцца ў афіцыйным камэнтары.
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай лічыць, што падобныя абмежаваньні неабходна ўводзіць не па прыкмеце пашпарта, а па прыкмеце супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, выключаючы зь іх людзей, якія супраціўляюцца рэжыму і вайне ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам могуць забараніць выдачу візаў і дазволаў на жыхарства ў Літве. Новы законапраект у пытаньнях і адказах