У лісьце, напісаным перад прысудам, Марына Золатава згадала шматлікія публікацыі Tut.by, якія зьмянялі жыцьцё грамадзтва да лепшага, а таксама напісала пра марнасьць дзеяньняў сілавікоў, адзначыўшы, што перасьлед не прымусіць нікога любіць рэжым Лукашэнкі, паведамляе «Зеркало».
17 сакавіка абвясьцілі прысуд у «справе Tut.by». Галоўнай рэдактарцы парталу Марыне Золатавай і дырэктарцы ТАА «Тут Бай Мэдыа» Людміле Чэкінай прызначылі па 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Напярэдадні прысуду Марына Золатава напісала ліст сваім сябрам. Яны, прачытаўшы, вырашылі перадаць гэтае пасланьне ў рэдакцыю і папрасілі яго апублікаваць, бо лічаць, што гэты тэкст — зварот ня толькі да іх, але і да ўсіх беларусаў.
«Журналісты не ствараюць інфармацыйныя нагоды, яны іх асьвятляюць»
«Ні я, ні мае калегі не зьдзяйсьнялі злачынстваў, у якіх нас абвінавачваюць. Адзінае нашае „злачынства“ заключаецца ў тым, што мы сумленна расказвалі пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне. І менавіта дзякуючы нашай сумленнай і аб’ектыўнай пазыцыі нам удалося заваяваць давер трохмільённай аўдыторыі і стаць самым папулярным онлайн-мэдыя ў краіне.
Мы ніколі нікога не заклікалі да якіх-кольвек супрацьпраўных дзеяньняў, ня сеялі варожасьць, паважалі розныя меркаваньні. Чалавечае жыцьцё было абвешчанае галоўнай каштоўнасьцю рэдакцыі Tut.by, і мы заўсёды пра гэта памяталі.
Вецер дзьме, таму што дрэвы гайдаюцца, упэўнены Пудзік, герой вядомага дзіцячага апавяданьня Максіма Горкага. Пратэсты, гвалт і іншыя падзеі адбываліся таму, што пра іх пісалі журналісты — такое ўражаньне складаецца, калі прытрымлівацца лёгікі абвінавачаньня, бо перакласьці віну на мэдыя значна прасьцей.
Але журналісты не ствараюць інфармацыйныя нагоды, яны іх асьвятляюць. А вінаваціць ва ўсіх праблемах СМІ — усё роўна што крыўдзіцца на люстэрка, калі ўбачаны ў ім адбітак табе не падабаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі ў «справе Tut.by» Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай: па 12 гадоў зьняволеньняА што далей?
Калі невінаватага чалавека пасадзіць у СІЗА, шанцы на тое, што праз 10−12 месяцаў сьледзтва атрымае прызнаўчыя паказаньні, моцна павялічваюцца. А калі ў чалавека за гэты час рэзка пагоршыцца стан здароўя, цяжка захварэе ці нават памрэ хтосьці блізкі, то сьледзтву становіцца яшчэ прасьцей. Нашыя калегі прайшлі і праз такія выпрабаваньні.
А яшчэ ў мяне ўзьнікае пытаньне: ці варта давяраць сьледчай групе, кіраўнік якой, што займаў на момант выстаўленьня канчатковага абвінавачаньня пасаду начальніка ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў у фінансава-крэдытнай сфэры цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту, паводле зьвестак СМІ, быў затрыманы за хабар?
Tut.by ня быў ні экстрэмісцкім рэсурсам, ні экстрэмісцкай арганізацыяй. Мы расказвалі пра падзеі, якія адбываліся ў краіне, тлумачылі незразумелае, дапамагалі карыстальнікам вырашыць іх праблемы. Ня раз па дапамогу людзей, сьведак і відавочцаў злачынстваў і здарэньняў да нас зьвярталіся праваахоўныя органы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два наступныя нумары слуцкай газэты «Інфа-Кур’ер» ня выйдуць, журналісты выданьня пад арыштамМы расказвалі гісторыі, якія матывуюць — пра моцных, захопленых і таленавітых людзей, адкрывалі цікавыя месцы ў Беларусі, пісалі пра яе гісторыю. Дзякуючы нашай публікацыі праз доўгія гады расстаньня ўжо дарослая дачка адшукала сваіх бацькоў, а пасажырка самалёта, які ўпаў пад Менскам, сустрэлася са сваімі выратавальнікамі. Я магла б успомніць шмат цудоўных гісторый, як Tut.by камусьці дапамог або зьдзейсьніў маленькі цуд. Ведаю, што многім беларусам ёсьць за што сказаць Tut.by дзякуй.
Амаль дзьве траціны жыцьця незалежнай Беларусі зафіксаваў Tut.by. Але партал — гэта ня толькі навіны, рэпартажы, інтэрвію, камэнтары і гісторыі людзей. Гэта яшчэ і мноства карысных сэрвісаў, якія спрашчалі людзям жыцьцё. Надвор’е, пошта, курсы валют, афіша. Кожны жыхар Беларусі мог знайсьці тут для сябе карысную інфармацыю. Нездарма дэвізам кампаніі „Надзейныя праграмы“, якую, як і сам Tut.by, заснаваў Юры Зісер, было: „Укараняючы інфармацыйныя тэхналёгіі, зробім жыцьцё лепшым“.
Юры Анатолевіч здолеў аб’яднаць вакол сябе таленавітых прафэсіяналаў, якія пастаянна працавалі над разьвіцьцём рэсурсу, умеў слухаць розныя думкі і давяраць спэцыялістам. Дзякуючы гэтаму Tut.by доўгі час быў самым папулярным і перадавым інтэрнэт-рэсурсам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты«Моцная ўлада не змагаецца з іншадумствам, ня бачыць пагрозы нацыянальнай бясьпецы там, дзе гучыць альтэрнатыўная думка»
«Ужо амаль два гады старонка Tut.by недаступная. Але ці вырашыла дзяржава зь ліквідацыяй Tut.by і іншых незалежных мэдыя хоць адну праблему? Супярэчнасьці нікуды не падзеліся, сытуацыя пагаршаецца, раскол у грамадзтве шырыцца. І калі пра гэта нельга даведацца на Tut.by, гэта ня значыць, што гэтага няма.
Прабягаючы вачыма матэрыялы Tut.by 2020 году, я зьвяртала ўвагу, што многія нашыя суразмоўцы — па розныя бакі барыкадаў — гаварылі пра неабходнасьць дыялёгу і недапушчальнасьць гвалту. Цяпер пачытаць пра гэта няма дзе. Гвалт спараджае гвалт. На жаль, нашае жыцьцё, падзеі ў краіне і сьвеце кожны дзень пацьвярджаюць гэтую ісьціну.
Я па-ранейшаму бачу, як у СІЗА на Валадарскага рэгулярна „заяжджаюць“ жанчыны ва ўзросьце ад 18 да 70 гадоў па 342-м і іншых палітычных артыкулах. Да гэтага большасьць зь іх адбывала на Акрэсьціна адміністрацыйны арышт. Добра, калі адзін. На падлозе або на голай шконцы. У перапоўненай камэры. Безь перадач і зьменнай бялізны. Бяз душу і прагулак. І калі пра гэта ня піша Tut.by, гэта ня значыць, што гэтага няма.
Адны атрымліваюць свае два з паловай гады „хатняй хіміі“ за адзін эпізод. Іншыя адпраўляюцца ў калёніі. І што? Пачынаюць любіць уладу? Пранікаюцца да яе павагай? За што? За тое, што праз два з паловай гады людзей працягваюць затрымліваць за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе? Ці прымушаюць запісваць „пакаяльныя“ відэа? За гэтыя жудасныя ўмовы на Акрэсьціна? Наўрад. Многія зьедуць, як толькі змогуць. Як гэта зрабілі дзясяткі, калі ня сотні тысяч чалавек. Маладых, разумных і таленавітых. Многія акажуцца ва ўнутранай эміграцыі.
Моцная ўлада не змагаецца з іншадумствам, ня бачыць пагрозы нацыянальнай бясьпецы там, дзе гучыць альтэрнатыўная думка, не хавае галаву ў пясок, каб ня бачыць і ня чуць праўды. Моцная ўлада ўмее прыслухоўвацца да людзей з рознымі перакананьнямі і будаваць дыялёг з усімі грамадзянамі краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Матуля мая не зламаецца — яна ў нас нязломная і вельмі-вельмі пазытыўная». Дачка Золатавай пра прысуд маці«Я веру, што не за гарамі той час, калі беларусы з рознымі думкамі змогуць жыць шчасьліва ў сваёй краіне»
«Шмат драматычных падзей адбылося ў Беларусі за той час, пакуль я знаходжуся ў СІЗА. 28 верасьня 2021 году стала адным з самых трагічных дзён (падчас перастрэлкі ў кватэры на вуліцы Якубоўскага загінулі супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк і IT-спэцыяліст Андрэй Зельцэр). Я не разумею, як можна было пісаць абразьлівыя камэнтары ў адрас чалавека, які загінуў — асабіста я выступаю катэгарычна супраць такіх учынкаў. Але мне балюча ад таго, што намесьнік міністра ўнутраных спраў у Год народнага адзінства ў этэры тэлеканалу СТБ заяўляе, што людзі, якія пакінулі абразьлівыя камэнтары ў адрас загінулага байца „Альфы“, „заслугоўваюць толькі фізычнага зьнішчэньня“.
Мне балюча, калі ў Год міру і стварэньня Рыгор Азаронак у сваёй праграме „Тайные пружины политики“ сьцьвярджае, што апанэнтаў улады „мы будзем душыць, душыць кожны дзень, душыць бязьлітасна“. І гэтая агрэсія і нецярпімасьць да іншадумцаў прысутнічае ў многіх дзяржСМІ на рэгулярнай аснове. А яшчэ мне здаецца дзіўным, што ў той час, пакуль суд над намі праходзіць у закрытым рэжыме, па дзяржТБ паказваюць фільм пра Tut.by з выкарыстаньнем матэрыялаў папярэдняга сьледзтва.
Пра які мір і стварэньне можна гаварыць? На жаль, сёньня ад народнага адзінства мы знаходзімся значна далей, чым былі ў 2020 годзе. Але я па-ранейшаму веру, што не за гарамі той час, калі беларусы з рознымі думкамі змогуць жыць шчасьліва ў сваёй краіне і з павагай ставіцца адзін да аднаго. Разнастайнасьць думак узбагачае дзяржаву і стымулюе яе разьвіцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адным менскім СІЗА з розніцай у 80 гадоў. Гісторыя зьняволеньня Марыны Золатавай і яе прабабкіЯ ўжо 22 месяцы знаходжуся ў СІЗА. За гэты час у маёй мамы памёр муж. Дачка скончыла ліцэй, паступіла ў Акадэмію мастацтваў і моцна зьмяніла сваё жыцьцё. Сын вырас на 10 сантымэтраў. Вельмі складана так доўга знаходзіцца ўдалечыні ад родных. Але вось што дадае мне сіл. Шмат гадоў таму падчас акупацыі мая прабабуля правяла некалькі месяцаў на „Валадарцы“, а потым — два гады ў палоне. Калі яна вярнулася да дачок, гэта быў самы шчасьлівы дзень у іх жыцьці. І я веру, што ў маім жыцьці таксама надыдзе такі дзень.
Па дарозе ў суд скрозь акенца ў аўтазаку я часта бачу жоўтыя аўтобусы. Калісьці на прапанову Менгарвыканкаму сярод карыстальнікаў Tut.by мы правялі галасаваньне — чытачы меліся выбраць колер электробусаў, якія плянавалі пусьціць па вуліцах сталіцы. Карыстальнікі выбралі жоўты — і на вуліцы выехалі жоўтыя электробусы. Потым зьявіліся і жоўтыя аўтобусы (да гэтага менскія аўтобусы былі зялёныя). Tut.by недаступны, затое па вуліцах гораду езьдзяць ярка-жоўтыя аўтобусы і электробусы, бо такі колер выбралі нашыя чытачы».
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.