Канфэрэнцыю пад назвай «Алесь Бяляцкі, змагар за свабоду. Вечар салідарнасьці зь беларускім ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру» 21 сакавіка арганізавала катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Яе кіраўнік Радаслаў Калета прапанаваў разглядаць падчас яе ня толькі дасягненьні Алеся ў праваабарончай, грамадзкай, літаратурнай працы і цяперашні статус палітвязьня, драматычны стан спраў у ягонай краіне, але і гаварыць пра пэрспэктыву і будучыню Беларусі, пра якую марыць Алесь, знаходзячыся за кратамі.
Рэктар Варшаўскага ўнівэрсытэту Алёйзы Новак шчыра вітаў Натальлю Пінчук у сьценах ВНУ: «Беларускі народ, беларускае грамадзтва блізкія нам. У гэтыя змрочныя часы заклікаю беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Варшаўскім унівэрсытэце, а таксама дактарантаў пачувацца тут як дома», — сказаў рэктар.
Жонка Алеся Бяляцкага, Натальля Пінчук, узяла ўдзел у вечарыне і выступіла з прамовай. Сярод іншага, яна сказала:
«Ня толькі Алесь цяпер у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зьняволеных за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. Беларусь фактычна цяпер уся за кратамі, адна вялікая клетка. У нашай краіне рэпрэсіі ідуць кожны дзень, іх адсочваюць і дапамагаюць людзям тыя вясноўцы, якія засталіся на волі, якія годна працягваюць справу Алеся, пакуль ён у турме».
Журналіст Свабоды Валер Каліноўскі расказаў біяграфію Алеся Бяляцкага і прэзэнтаваў кнігі «Справа Бяляцкага» (PDF) і «Бяляцкі на Свабодзе» (PDF), якія выйшлі ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» ў 2012 і 2022 гадах.
Сябар Алеся, актывіст беларускай меншасьці Польшчы Яўген Вапа, які сам скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт, нагадаў, што Алесь — выдатны літаратурны крытык і аўтар некалькіх кніг, і прапанаваў сваёй альма матэр надаць Алесю Бяляцкаму званьне ганаровага прафэсара.
Мовазнаўца Вінцук Вячорка, сябар Алеся, нагадаў пачатак дзейнасьці Бяляцкага: «У 1981 годзе малады хлопец прыйшоў да высновы, што імпэрыя хутка сканае, што для беларусаў няма ў ёй будучыні, і паехаў з Гомля шукаць аднадумцаў у Менск. Там ён уключыўся ў дзейнасьць нефармальных моладзевых суполак. Тое насеньне, якое пасеяў Алесь, дало плён у 2020 годзе».
Першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі прафэсар Эльжбета Смулкова была сярод ініцыятараў і арганізатараў канфэрэнцыі.
Польскі сацыёляг і журналіст Славамір Серакоўскі, які асьвятляў для польскай прэсы падзеі ў Беларусі 2020 году, заявіў на сустрэчы: «Маё сэрца б’ецца для Беларусі. Тая інвэстыцыя, якая зроблена ў 2020 годзе мільёнамі людзей, яна будзе адплачаная. Беларусь будзе ў Эўропе».
На сустрэчы была Алена Лапцёнак, актывістка «Вясны», яна прынесла плякат з заклікам да вызваленьня Алеся Бяляцкага.
Аляксандар Мілінкевіч падчас дыскусійнай панэлі заявіў, што, нягледзячы на цяперашнюю сытуацыю, Беларусь мае найлепшыя ў рэгіёне перадумовы для трансфармацыі і эўрапейскай інтэграцыі: тут адукаванае грамадзтва, разьвітая інфраструктура, добрыя дарогі, самы танны і хуткі інтэрнэт у рэгіёне. Да таго ж Беларусь мае прыязных суседзяў.
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі расказаў пра сваё бачаньне падзей 2020 году і выказаў спадзеў на сяброўскія адносіны дзьвюх краін, калі Беларусь стане дэмакратычнай, а Алесь Бяляцкі выйдзе са зьняволеньня разам зь іншымі палітвязьнямі.
Дуэт Юстыны Карпіловіч і Геральда Бартосіка выканаў беларускія песьні, якія расчулілі ўдзельнікаў імпрэзы.
Прафэсар Радаслаў Калета, кіраўнік катэдры беларусістыкі, арганізатар вечарыны, уручыў Натальлі Пінчук кветкі і падзяку ад унівэрсытэту.