Навошта гаварыць пра таталітарызм, калі ён амаль наступіў, што пра яго трэба ведаць, як распазнаць яго наступ у працэсе і ці можна супраціўляцца таталітарным практыкам? У інтэрвію «Настоящему времени» беларуская філёзаф, аўтарка кніг «Супольнасьць-пасьля-Галакосту: на шляху да грамадзтва інклюзіі» і «Ў рэвалюцыі жаночае аблічча» Вольга Шпарага разважае пра тое, што адбываецца, з пункту гледжаньня сучаснай навукі.
— Многія філёзафы вывучалі і вывучаюць таталітарызм, аналізуючы вопыт нацысцкай Нямеччыны, СССР, Італіі. Іх працы тлумачаць, чаму таталітарызм ці яго прыкметы сталі зноў магчымыя на постсавецкай прасторы?
— Я зь вялікай цікавасьцю сачу за ўкраінскім дасьледчыкам і філёзафам Міхаілам Мінаковым. У кнізе «Дыялектыка сучаснасьці ва Ўсходняй Эўропе», якая выйшла ў 2020 годзе, ён аналізуе, адкуль бяруцца аўтарытарныя і таталітарныя практыкі на постсавецкай прасторы. Ён зьвязвае іх з працэсам зваротнага сацыяльнага разьвіцьця і называе гэта «дэмадэрнізацыяй».
Мінакоў клясыфікуе краіны былога СССР па тыпах гэтага зваротнага разьвіцьця. Напрыклад, Беларусь, Азэрбайджан, Расею ён аб’яднаў у адну групу краін, у якіх стварэньне вэртыкалі ўлады вызначыла адваротнае сацыяльнае разьвіцьцё. Адносна Беларусі я таксама лічу, што вэртыкаль улады і герархіі ва ўсіх сфэрах — гэта ключавы мэханізм рэжыму, і беларускія пратэсты 2020 году былі якраз адказам на гэта, на вуліцы выйшла гарызантальна зьвязанае грамадзтва, якое хацела паказаць альтэрнатыву жорсткай герархіі, таму і прынцыпова было, каб пратэсты былі мірнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Які грамадзкі лад стварае Лукашэнка ў Беларусі пасьля 2020 году? Дыскусія гісторыка і палітоляга— Рызыка адраджэньня таталітарных грамадзтваў — праблема толькі постсавецкай прасторы ці сусьветны трэнд сёньня?
— Гэта ня толькі наша праблема. Дасьледчыца таталітарызму Ганна Арэндт пісала, што «таталітарныя рашэньні могуць спакойна перажыць падзеньне таталітарных рэжымаў, ператварыўшыся ў спакусу, якая будзе аднаўляцца кожны раз, калі здасца немагчымым зьмякчыць палітычныя праблемы або аслабіць эканамічныя пакуты спосабам, годным чалавека».
У Умбэрта Эка быў апублікаваны выдатны тэкст у 1995 годзе — «Аб вечным фашызьме». У гэтым эсэ ён вылучае шмат рыс, якія, як мы бачым, працягваюць працаваць сёньня і злучаны ў першую чаргу з правым папулізмам. Гэта такія рысы, як культ традыцыі і традыцыяналізму, які супрацьстаіць ведам, грэбуе дэталямі, адрозьненьнямі і рацыянальнасьцю; нязгода як здрада; расізм, ксэнафобія; культ мужнасьці і маскуліннасьці, адмаўленьне ўсяго, што не адпавядае ўсталяваным нормам сэксуальнага жыцьця; культ гераізму і сьмерці, адмова ад пацыфізму як слабасьці, дыскурс пэрманэнтнай вайны; апраўданьне сацыяльных герархій, пагарда да слабых. Ну, і замест правоў асобы — маналітнае адзінства народу.
Яшчэ адна кніга на гэтую тэму — «Пра тыранію. 20 урокаў XX стагодзьдзя» Тымаці Снайдэра. Яна была зьвязаная з прыходам да ўлады Дональда Трампа. Я ў 2017 годзе была ў ЗША і памятаю, як у акадэмічнай сфэры крытыкавалі Снайдэра за тое, што ён ставіць у адзін шэраг Гітлера, працэсы ва Ўсходняй Эўропе і Трампа. Але пасьля таго, што Трамп зрабіў у ЗША, стала ня сьмешна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пакуль не выказваў захапленьня Лукашэнкам, але гэта пытаньне часу, — гісторык Тымаці Снайдэр— Ці мяняюцца прыкметы сучаснага таталітарызму?
— У 1975 годзе амэрыканскі дасьледчык аўтарытарных і таталітарных рэжымаў Хуан Лінц, абапіраючыся на вопыт XX стагодзьдзя, вылучыў тры асноўныя прыкметы таталітарнай сыстэмы.
Першы — наяўнасьць адзінага, але не маналітнага цэнтру ўлады. Гэта не канечне павінна быць партыя. У Беларусі, напрыклад, партыі ўлады пакуль няма, хоць Лукашэнка нібыта ўжо запусьціў працэс яе стварэньня.
Другая прыкмета — адзіная, аўтаномная і больш-менш прапрацаваная ў інтэлектуальным пляне ідэалёгія, зь якой ідэнтыфікуюць сябе кіруючыя вярхі або правадыр. У Расеі такая ідэалёгія ёсьць — «рускі сьвет». У Беларусі, як сьцьвярджаюць дасьледчыкі, гэтая ідэалёгія была пустотнай, яе ключавая ідэя — поўная ляяльнасьць рэжыму. Але нават пустотная ідэалёгія паказвае: вось гэта — іншадумства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумнеўная партыя. Палітычны экспэрымэнт зь няпэўнымі наступстваміМы бачым сёньня ў Беларусі барацьбу зь бел-чырвона-белай сымболікай, эўрапейскімі наратывамі, адначасова з гэтым бачым вяртаньне да дыскурсаў савецкага часу, апраўданьне сталінізму і апяваньне гвалтоўных практык. Барацьба за ідэалёгію — гэта таксама барацьба за інфармацыйную прастору сродкамі прапаганды. Таму сёньня незалежныя беларускія СМІ абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», каб людзі баяліся атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю.
Трэцяя прыкмета — пастаянныя заклікі да актыўнай мабілізацыі і шырокага ўдзелу грамадзян у рэалізацыі палітычных грамадзкіх задач. Прычым пасіўнае падпарадкаваньне і апатыя, пазыцыя «мая хата з краю» ўжо непажаданыя, трэба падтрымліваць рэжым актыўна. Калі ўзяць зноў жа ў прыклад Беларусь, то да 2020 году быць апалітычнымі і цынічнымі заахвочвалася і дазвалялася. Сёньня ж Лукашэнка спрабуе людзей мабілізаваць. Мы бачым, што гэта ня вельмі атрымліваецца, таму што мабілізацыя была сымбалем пратэстаў 2020 году, таму што, каб мабілізаваць, трэба спачатку перасаджаць і выслаць з краіны ўсіх нязгодных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман — пра вайну, прымірэньне, Ціханоўскую і ПазьнякаГэта значыць, у адрозьненьне ад Расеі, у Беларусі яскрава выяўленая толькі першая прыкмета таталітарызму: цэнтар улады зрошчаны зь сілавым апаратам, яны спрабуюць устанавіць кантроль над усім грамадзтвам, у тым ліку над прыватным жыцьцём. Сёньня ў Беларусі могуць спыніць чалавека на вуліцы і залезьці ў ягоны тэлефон і да таго падобнае. Дзьве іншыя прыкметы не такія відавочныя, але зьмены паказваюць, што ў Беларусі ёсьць рух у бок таталітарнага рэжыму. Гэта ўжо больш, чым кансалідаваны аўтарытарызм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не Папялушкі, мы рэальная сіла». Якая цана ўдзелу жанчын у беларускай рэвалюцыі?— Ці даюць сучасныя дасьледчыкі адказ, як людзям гэтаму супрацьстаяць?
— Ва ўжо згаданай кнізе «Пра тыранію. 20 урокаў XX стагодзьдзя» Тымаці Снайдэр якраз разважае пра гэта і дае 20 рэкамэндацый.
Першая рэкамэндацыя — не падпарадкоўвацца загадзя, імкнучыся паказаць сваю ляяльнасьць. Трэба сачыць, калі нас пачынаюць падпарадкоўваць, гэта значыць дасьледаваць мэханізмы падпарадкаваньня і імкнуцца ім супраціўляцца.
Яшчэ адна рэкамэндацыя — абараняць грамадзкія інстытуты. Выбраць сабе інстытут, напрыклад прафсаюз, і бараніць яго.
Дасьледчык пералічвае, чаго варта баяцца: «Перасьцерагайцеся аднапартыйнай дзяржавы, узброеных фармаваньняў, калі вы ўзброены, задумайцеся». Сёньня, дарэчы, мы чуем, што Лукашэнка ўжо загаварыў пра ўзброенае народнае апалчэньне.
Калі грамадзтва разьядноўваецца, трэба гэтаму супрацьстаяць адваротнымі дзеяньнямі. Вялікую ўвагу Снайдэр аддае мове, бо для таталітарных рэжымаў характэрны навамоў. Снайдэр заклікае быць пільнымі да слоў і сымбаляў, якія выказваюць нянавісьць да людзей.
Напрыклад, я крытычна стаўлюся да фразаў «беларуская мова — наша зброя» ці «салідарнасьць — наша зброя». Мне здаецца, што мова — гэта мост, падтрымка, а салідарнасьць абавязкова зьвязаная з эмпатыяй. Ня трэба мілітарызаваць мову, як гэта робіць рэжым, трэба настойваць на сваіх сэнсах.
Сярод іншых рэкамэндацый Снайдэра: адказвайце за тое, як выглядае сьвет, верце ў ісьціну, расьсьледуйце, выбудоўвайце сваё прыватнае жыцьцё, удзельнічайце ў добрых справах, не губляйце прысутнасьці духу. Калі адбываецца неймавернае, будзьце адважныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўская — люстэрка, у якое глядзіцца беларускае грамадзтва». Філёзаф Вольга Шпарага пра сваю кнігу «Ў рэвалюцыі жаночае аблічча»