17 сакавіка ў Музэі вольнай Беларусі распачалася выстава-продаж твораў 17 рэпрэсаваных мастакоў, якія вымушана пакінулі краіну. Большасьць зь іх адбылі турэмныя тэрміны ў Беларусі.
На выставе таксама ёсьць малюнкі Паўла Севярынца, які па сёньняшні дзень знаходзіцца ў турме.
«Я вельмі хвалявалася, бо ў асноўным увесь мантаж рабіла адна — гэта бяссонныя ночы, устаноўкі, ты заўсёды перажываеш, каб усё было так, як у тваёй галаве. А гэта наша першая спроба, і цяпер вельмі шмат ідэй, таму я спадзяюся, што мы нейкую падтрымку атрымаем. Мы вельмі настроеныя на тое, каб папулярызаваць нашую культуру, каб пра яе ведалі і ў Беларусі, і ў эўрапейскіх краінах. Я лічу, што ў нас вельмі таленавітыя мастакі, людзі, і зараз усё накіравана на тое, каб знаёміцца, быць разам і рабіць вялікае мастацтва, каб пра беларусаў гаварылі: „А, я ведаю, яны супэрталенавітыя“. Ці каб людзі бачылі нейкі твор, чулі музыку і гаварылі: „Дык гэта беларусы!“» — расказвае мастачка, рэжысэрка Воля Шніп.
Арганізатарка дадае, што беларускія мастакі за мяжой сутыкаюцца з рознымі выклікамі, адзін зь якіх — пляцоўка пад майстэрні і выставы.
«Нам трэба нейкае вялікае памяшканьне, каб мастакі там сумесна працавалі, паасобку, каб у гэтым месцы была заля для выставаў. Бо цяпер нашыя мастакі жывуць у „кавалерцы“ на 15 мэтраў квадратных і, вядома, там вельмі складана паставіць усе свае прылады, каб зрабіць добрую работу. Таму гэта самае першае. Ну і, па-другое, мы вельмі хочам, каб усё ж такі цікавіліся людзі, бо ад продажу карцін залежыць, што будуць есьці мастак і яго сям’я», — зазначае Воля.
«Самая страшная трагедыя, што людзі страчваюць некалькі гадоў у турмах»
На адкрыцьці прадставілі яшчэ і музычны відэаарт-пэрформанс, удзельнікам якога быў мастак Антось Радзівонаў.
«Гэта першы мой досьвед удзелу ў трохі тэатралізаваным пэрформансе. Мне падабаецца, што на адкрыцьці шмат людзей, некаторыя досыць уплывовыя палітыкі, культурныя дзеячы. Добра, што шмат людзей могуць паглядзець гэтую выставу, бо людзі, якія вымушана выехалі, — гэта трагедыя. Але самая страшная трагедыя — гэта людзі, якія страцілі некалькі гадоў у турмах. І тое, што сюды прыйшлі паглядзець на іх творы — гэта павага да гэтых людзей», — кажа Антось Радзівонаў.
На выставе паказаны творы Антося Радзівонава на непалітычную тэматыку, бо іншыя было немагчыма вывезьці зь Беларусі. Ёсьць таксама работы, якія мастак стварыў ужо падчас эміграцыі ў Варшаве.
«Цяпер важна рабіць мастацтва. Бо мінаюць часы, руйнуюцца цывілізацыі, праходзяць войны, алімпіяды, а мастацтва застаецца. Яго калі-небудзь адкапаюць археолягі, і людзі ў будучыні будуць ацэньваць па творах мастацтва нашу нацыю, культуру», — кажа Антось.
«Пасьля 15 дзён арышту я выйшаў з пачкам малюнкаў»
Мастак Міхась Мішук нядаўна пераехаў у Варшаву. На выставе прадстаўлены ягоныя работы з сэрыі «Няма слоў», прысьвечаныя вайне ва Ўкраіне.
«Гэта вядомыя фатаздымкі, якія робяць журналісты з розных выданьняў, яны пераасэнсаваныя з тымі словамі гора, якія публікуюць у сацыяльных сетках, хэштэгі нейкія, выразы вядомых людзей. Гэта ўсё скампанавана ў маю работу», — тлумачыць мастак Міхась Мішук.
Міхась адзначае, што мастацтва дапамагае цяпер заставацца на паверхні, не апускацца ў хаос.
«Мастацтва дазваляе не закінуць сябе, проста выцягвае. Для мяне гэта як дапамога. Я да 2020 году каля дзесяці гадоў амаль не маляваў, займаўся працай, сваёй кар’ерай, і з мастацтвам гэта наогул ня вельмі было зьвязана. І пасьля падзей 2020 году толькі гэта мне дазволіла неяк „выплыць“. Калі трапіў на „суткі“ ў лістападзе 2020-га, мне пашанцавала, што ў нас у камэры была папера і асадка. І пасьля 15 дзён арышту я выйшаў з пачкам малюнкаў. З таго моманту гэта дазваляе хоць неяк наагул тэставаць рэальнасьць, адчуваць яе і заставацца на паверхні», — кажа Міхась.
«Вельмі шчыміць сэрца»
На выставе таксама былі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі, палітычныя і культурныя дзеячы.
«Насамрэч вельмі шчыміць сэрца. З аднаго боку, зрабілася трохі сумна, а з другога — радасна. Столькі людзей прыйшло на адкрыцьцё выставы — гэта значыць, што нам, беларусам, вельмі патрэбны мастацтва, культура. Мы вельмі сумуем па тым, каб быць побач адно з адным і перажываць пэўныя рэчы. Таму сёньня Беларусь там, дзе мы знаходзімся, і кожны можа будаваць яе вакол сябе», — кажа прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык.
Аліна дадае, што вельмі радая і ўдзячная арганізатарам, якія змаглі паказаць, што беларускае мастацтва сапраўды цяпер знаходзіцца пад рэпрэсіямі.
«Ня толькі кнігі пад забаронай. Асабліва кранаюць гэтыя краты каля некаторых імёнаў: ты разумееш, што гэтыя працы сапраўды былі створаныя менавіта ў турме. Гэта страшнае сьведчаньне нашай рэчаіснасьці, і яго трэба захаваць, каб мы пра гэта памяталі. Але, вядома, перадусім трэба зрабіць так, каб гэтыя людзі як мага хутчэй выйшлі», — кажа Аліна.
Падчас адкрыцьця выставы адбыўся аўкцыён-продаж некаторых карцін. Сабраныя сродкі зь яго пойдуць на падтрымку рэпрэсаваных мастакоў.
«Ёсьць пляны вельмі вялікія. Я хачу зрабіць яшчэ сваю выставу, яна будзе вельмі нязручная, сучасная. Вядома, хачу зрабіць выставу, дзе я зьбяру шмат мастакоў, мы зробім вялікае шэсьце, такі стрыт-андэрграўндны арт, каб гэта пабачыў увесь сьвет. І нам патрэбна падтрымка. Хочацца аб’яднаць усіх творчых людзей, устаць, распрастаць свае плечы і сказаць: „Я беларус. Я хачу быць свабодным, хачу маляваць і быць шчасьлівым. Хачу, каб астатнія людзі таксама былі шчасьлівыя. Я хачу вам даць гэтую фарбу і свае эмоцыі“», — расказвае мастачка Воля Шніп.
Выставу «Вітанкі зь Беларусі» можна наведаць у Музэі вольнай Беларусі ў Варшаве. Час працы глядзіце тут
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі мастак на антываеннай выставе ў Нямеччыне: «Гэта наша вайна»