Творы Ўладзімера Караткевіча пераклалі яшчэ на дзьве мовы сьвету

«Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча ў перакладзе на вугорскую мову. Фота амбасады Беларусі ў Вугоршчыне

Неўзабаве творы аднаго з самых папулярных беларускіх пісьменьнікаў Уладзімера Караткевіча зьявяцца ў перакладзе на вугорскую і ўзбэцкую мовы, заўважыла выданьне «Зеркало».

Як паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку амбасада Беларусі ў Вугоршчыне, на мову гэтай краіны пераклалі гістарычную аповесьць Уладзімера Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха». Гэта першая і пакуль адзіная праца Караткевіча, даступная на вугорскай мове, адзначаюць у амбасадзе.

Кніга ўжо выйшла ў выдавецтве Aposztróf Kiadó. Пераклад і рэдактуру кнігі ажыцьцявілі Іван Хорват, Каталін Салантаі і Андраш Гало. Праўда, варта адзначыць, што пераклад рабіўся не зь беларускай мовы, а з расейскай (гэта значыць з перакладу).

А ўзбэцкая пісьменьніца Рысалат Хайдарава скончыла пераклад на сваю родную мову аповесьці Караткевіча «Сівая легенда».

«Вельмі ўразілі ідэя, форма і стыль аповеду. Караткевіч на высокай ноце апісаў бязьмежную любоў і свабоду — я перакананая, што ўзбэцкі чытач абавязкова павінен прачытаць гэты твор», — адзначыла Рысалат Хайдарава ў інтэрвію газэце «Звязда».

Пераклад рыхтуецца да публікацыі ў часопісе «Жахон адабиёти» («Сусьветная літаратура»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусьфільм» выклаў абноўленую вэрсію «Дзікага паляваньня караля Стаха»

Творы Ўладзіміра Караткевіча ўжо перакладзеныя на многія мовы народаў сьвету: ангельскую, баўгарскую, віетнамскую, грузінскую, гішпанскую, латыскую, нямецкую, мангольскую, польскую, расейскую, славацкую, украінскую, францускую, чуваскую, чэскую, эстонскую і іншыя.