Амар аль-Башыр
Прэзыдэнта Судана (1989–2019) МКС у 2008 годзе абвясьціў у вышук за арганізацыю масавых забойстваў, згвалтаваньняў і рабаўніцтва цывільнага насельніцтва. У рэгіёне Дарфур вайсковае супрацьстаяньне перарасло ў генацыд мясцовага насельніцтва.
Нягледзячы на ордэр, аль-Башыр працягваў наведваць краіны, які прызнаюць юрысдыкцыю МКС. Аднак у 2019 годзе суданскія вайскоўцы яго адхілілі ад улады, а пазьней яму прысудзілі турэмны тэрмін за карупцыю. У жніўні 2021 году ўрад краіны выказаў намер перадаць былога прэзыдэнта ў Гаагу, але на сёньня гэтага не адбылося.
Муамар аль-Кадафі
Кіраўніка Лібіі (1969-2011) Міжнародны крымінальны суд падазраваў у злачынствах супраць чалавецтва і ў 2011 выдаў ордэр на яго арышт, а таксама на арышт ягонага сына і зяця.
Кадафі разам з сынам у тым жа годзе без суду забілі лібійскія паўстанцы падчас грамадзянскай вайны. Амаль адразу ж у краіне пачалася новая вайна за ўладу, якая працягвалася да 2020 году.
Ляран Гбагбо
Адзіны прэзыдэнт (на момант выдачы ўжо былы), якога перадалі ў Гаагу праз ордэр МКС. Кіраўнік Кот-д’Івуара (2000-2011) прайграў свае апошнія прэзыдэнцкія выбары, але на наступны дзень Канстытуцыйная рада абвясьціла яго пераможцам. У краіне пачаўся палітычны крызіс, ад якога пацярпелі больш за тысячу чалавек. Ён скончыўся інтэрвэнцыяй францускіх вайскоўцаў і захопам Гбагбо.
Былога прэзыдэнта арыштавалі за эканамічныя злачынствы і празь некалькі месяцаў перадалі ў Гаагу. Восем гадоў Гбагбо знаходзіўся пад вартай у Нідэрляндах, тры гады цягнуўся судовы працэс на ім. Яго абвінавацілі ў злачынствах супраць чалавецтва, але апраўдалі.
У 2021 годзе Ляран Гбагбо вярнуўся ў Кот-д’Івуар, дзе атрымаў дзяржаўную пэнсію. Ён працягвае займацца палітыкай.
Уладзімір Пуцін
Прэзыдэнт Расеі разьвязаў вайну ва Ўкраіне, а да гэтага анэксію Крыма, паўплываў на вайну на Данбасе. Але МКС выдаў ордэр на ягоны арышт за гвалтоўную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Акрамя таго, ордэр выдалі на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расеі Марыю Львову-Бялову. Яна, у тым ліку, «усынавіла» хлопца з Марыюпалю.
Генпракурор Украіны Андрэй Косьцін назваў «гістарычным» рашэньне МКС выдаць Пуціна. Ён падкрэсьліваў, што гэта рашэньне «толькі пачатак доўгага шляху да аднаўленьня справядлівасьці». Прэс-сакратар Пуціна назваў рашэньне Міжнароднага крымінальнага суду «нікчэмным з пункту гледжаньня права», бо Расея не прызнае юрысдыкцыю МКС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі, што Расея незаконна вывезла з Украіны звыш 16 тысяч дзяцей, у тым ліку 2 тысячы сірот ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна