Старшыня Эўракамісіі: Пуцін прайграў энэргетычную бітву, ягоны шантаж не прайшоў

Урзуля фон дэр Ляен

Уладзімір Пуцін прайграў энэргетычную бітву. Пра гэта заявіла кіраўніца Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Паводле яе, у расейскага прэзыдэнта не атрымаўся шантаж Эўропы скарачэньнем паставак энэрганосьбітаў.

Яе словы прыводзіць «Польскае радыё».

«Пуцін відавочна прайграў энэргетычную бітву, якую ён пачаў, і яго шантаж не спрацаваў», — сказала Урзуля фон дэр Ляен у пятніцу падчас візыту на газавую плятформу Troll A каля заходняга ўзьбярэжжа Нарвэгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз да гадавіны вайны разглядае новы пакет санкцый супраць уладаў Беларусі

Кіраўніца Эўракамісіі дадала, што зараз Эўразьвяз будзе атрымліваць значна больш энэргіі ад такіх саюзьнікаў, як Нарвэгія і ЗША. Акрамя таго, паводле яе слоў, ЭЗ інвэставаў значныя сродкі ў аднаўляльныя крыніцы энэргіі і скараціў спажываньне энэргіі на 20%.

«Так што, калі прэзыдэнт Пуцін плянаваў паставіць нас на калені, ён дасягнуў зусім супрацьлеглага. Сёньня мы мацнейшыя і больш незалежныя, чым калі-небудзь», — падкрэсьліла Урзуля фон дэр Ляен.

Кіраўніца Эўракамісіі ў пятніцу прыбыла разам з генэральным сакратаром NATO на буравую плятформу ў Паўночным моры, каб абмеркаваць бясьпеку інфраструктуры і паставак энэргарэсурсаў.