Міністэрства мытні і гандлю Турэччыны канчаткова ўвяло забарону на абслугоўваньне самалётаў, вырабленых у ЗША, якія належаць беларускай кампаніі BELAVIA.
Як паведаміла турэцкае спэцыялізаванае выданьне Airporthaber, рамонт і запраўка самалётаў зь Беларусі і Расеі забароненыя з 16 сакавіка.
Удакладняецца, што забарона распаўсюджваецца на прыватныя, грузавыя, камэрцыйныя, чартэрныя самалёты або самалёты, вырабленыя ў любой замежнай краіне і якія маюць больш за 25 % дэталяў амэрыканскага паходжаньня, калі яны накіроўваюцца ў Расею і Беларусь.
Рашэньне ўхвалена 14 сакавіка ў адказ на адпаведны ліст Упраўленьня прамысловасьці і бясьпекі па экспартнай практыцы Міністэрства гандлю ЗША. Забарона датычыць 9 самалётаў BELAVIA.
Сёлета ў лютым Турэччына заяўляла аб увядзеньні часовай забароны на рамонт і запраўку беларускіх самалётаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкая кампанія адмовілася абслугоўваць самалёты зь Беларусі, Ірану і РасеіСамалёты трапілі пад абмежаваньні Міністэрства гандлю ЗША, уведзеныя вясной 2022 году ў адказ на вайну, пачатую Расеяй супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» аб’явіла пра распродаж 100 тысяч білетаў