Больш чым праз 4 гады пасьля замаху на мэра польскага Гданьску Паўла Адамавіча суд агучыў вырак. Забойцу, Стэфана Ўільмонта, пакаралі пажыцьцёвым зьняволеньем, піша Gazeta Wyborcza.
Згодна з прысудам, Уільмонт мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне пасьля адбыцьця 40 гадоў зьняволеньня. Абвінавачаны выслухаў вэрдыкт моўчкі, але з усьмешкай на твары, адзначыла выданьне.
Судзьдзя Аляксандра Качмарак заявіла, што злачынства, учыненае Ўільмонтам, ня мела прэцэдэнтаў зь міжваеннага пэрыяду гісторыі Польшчы — з моманту замаху на прэзыдэнта Габрыэля Нарутовіча ў 1922 годзе.
Суд пагадзіўся з пракуратурай адносна матыву злачынства. Адзначалася, што мэтай была помста Ўільмонта за несправядлівы, як ён лічыў, прысуд, вынесены яму за рабаваньне банка (5,5 года турмы).
Судзьдзя падкрэсьліла, што Ўільмонт гаварыў сваім сукамэрнікам, што пасьля вызваленьня ён хацеў адпомсьціць уладам за свае крыўды. Палітычны матыў злачынства судзьдзя назвала «празьмернай інтэрпрэтацыяй».
Таксама суд, грунтуючыся на заключэньнях экспэртаў, адзначыў, што Стэфан Уілмонт не зьяўляецца псыхічна хворым ці разумова адсталым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спрыяў беларускай мове і аб’езьдзіў усю Беларусь. 8 фактаў пра мэра Гданьску, якога атакавалі з нажомЯк забілі Паўла Адамовіча
Напад на мэра Гданьску Паўла Адамовіча адбыўся падчас фіналу штогадовай дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі» ў 2019 годзе. На сцэну, дзе адбывалася дзея, забег мужчына і ўдарыў палітыка нажом. Пасьля гэтага нападніка затрымалі, але ён пасьпеў крыкнуць у мікрафон, што раней быў несправядліва пасаджаны ў турму па віне апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа», чальцом якой быў Адамовіч.
14 студзеня 2019 году Адамовіч памёр у шпіталі ад атрыманых ран.
Як паведамляла тады польская прэса, ягоны нападнік быў раней асуджаны за ўзброеныя напады на банкі. Адзначалася таксама, што ў яго былі праблемы з псыхікай.
Адамовіч узначальваў Гданьск 20 гадоў. Ён быў вядомым дзяячам апазыцыі.
Пасьля сьмерці палітыка з Гданьску і шэрагу іншых гарадоў Польшчы прайшлі маштабныя вулічныя акцыі супраць гвалту і нянавісьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па ўсёй Польшчы адбываюцца шэсьці супраць гвалту і нянавісьці