Трымалі разам зь нябожчыкамі. Як расейскія вайскоўцы, што ўвайшлі зь Беларусі, катавалі 368 украінцаў у адным склепе

Жыхары Чарнігаўскай вобласьці вітаюць украінскіх вайскоўцаў, якія вызвалілі іх ад расейцаў. Красавік 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Людзі, якія знаходзіліся ў склепе, вымушаныя былі хадзіць у туалет у вёдры і спраўляць свае патрэбы ў прысутнасьці іншых, а напоўненыя фэкаліямі вёдры доўга стаялі ў тых жа памяшканьнях, дзе былі людзі.

Сьледчыя Чарнігаўскай абласной пракуратуры выставілі падазрэньні чатыром расейскім вайскоўцам, ураджэнцам Рэспублікі Тыва Расейскай Фэдэрацыі, у катаваньні 368 цывільных жыхароў, у тым ліку 69 непаўналетніх, якіх затрымалі і разьмясьцілі ў склепе школы вёскі Ягаднае Чарнігаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці.

Найстарэйшаму з закладнікаў расейцаў Дзьмітру Музыку было 93 гады (ён памёр у склепе ў першы ж дзень расейскага палону), а наймалодшаму Дзьмітру Атрошчанку на момант затрыманьня не было і аднаго году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Генпракуратура Ўкраіны абвінаваціла расейскіх салдат у згвалтаваньні чатырохгадовай дзяўчынкі і яе маці на вачах бацькі

Усе чацьвёра расейскіх вайскоўцаў — Віталь Монгуш, Аржаан Саая, Сіін-оол Суван, Назіці Монгуш (гэтыя прозьвішчы значацца ў матэрыялах крымінальнай справы і перададзеных у суд дакумэнтах. — РС) служылі ў 2-м мотастралковым батальёне 55-й асобнай брыгады 41 агульнавайсковай арміі, якая дысьлякуецца ў горадзе Кызыл Рэспублікі Тыва Расейскай Фэдэрацыі. Гэтая армія ўваходзіла ва Ўкраіну з тэрыторыі Гомельскай вобласьці Беларусі.

Расейцаў абвінавачваюць у парушэньні законаў і звычаяў вайны паводле ч.1 артыкула 28 і ч.1 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, а менавіта ў жорсткім абыходжаньні з цывільным насельніцтвам. За гэтае злачынства прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі 300 расейскіх вайскоўцаў, вінаватых у ваенных злачынствах, 29 ужо засудзілі

Расейская армія захапіла вёску Ягаднае Чарнігаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці 3 сакавіка 2022 году. Яны ўрываліся ў прыватныя дамы да ўкраінцаў, затрымлівалі іх, а потым пад канвоем і з пагрозамі расстрэлу перамяшчалі ў склеп мясцовай школы. Там на плошчы 197,6 квадратнага мэтра ўтрымлівалі 368 грамадзян, у тым ліку 69 непаўналетніх. На кожнага затрыманага прыпадала ўсяго паўмэтра.

Украінцаў расейцы выкарыстоўвалі ў якасьці «жывога шчыта», бо свой штаб расейцы арганізавалі менавіта ў будынку школы.

Цягам амаль цэлага месяца зьняволеньня людзі ня мелі доступу да сьвежага паветра, пітной вады, ежы і сьвятла.

«Людзі, якія знаходзіліся ў склепе, вымушаныя былі хадзіць у туалет у вёдры і спраўляць свае прыродныя патрэбы ў прысутнасьці іншых людзей, а напоўненыя фэкаліямі вёдры доўгі час стаялі ў тых жа памяшканьнях, дзе ўтрымліваліся людзі, пакуль расейскія вайскоўцы не дазвалялі іх вынесьці», — адзначаецца ў тэксьце падазрэньня Аржаану Саая.

Людзі пакутавалі на кіслародную недастатковасьць і прасілі расейцаў дазволіць ім падыхаць сьвежым паветрам і выклікаць мэдычную дапамогу. Але ім у гэтым адмаўлялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная група юрыстаў: катавальныя камэры ў Херсоне былі часткай «прадуманага пляну» расейскіх уладаў

Празь нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня і адмову ў мэдычнай дапамозе ў склепе памерлі 10 чалавек. Пры гэтым іхныя целы доўга заставаліся сярод жывых людзей, пакуль расейцы не дазволілі іх вынесьці.

Сьледчыя праводзілі расьсьледаваньне завочна. Суд таксама завочна будзе разглядаць гэтую справу.

14 сакавіка 2023 году Юры Белавусаў, які ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны ачольвае дэпартамэнт супрацьдзеяньня злачынствам, учыненым ва ўмовах збройнага канфлікту, паведаміў, што праваахоўныя органы Ўкраіны выставілі 293 расейскім вайскоўцам падазрэньне ва ўчыненьні ваенных злачынстваў на тэрыторыі Ўкраіны. Справы 105 расейцаў перададзеныя ў суды, датычна 29 вайскоўцаў расейскай арміі ўжо абвешчаныя выракі.

Згодна з Офісам генэральнага пракурора Ўкраіны, на 15 сакавіка 2023 году ва Ўкраіне задакумэнтавалі 74 159 злачынстваў агрэсіі і ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за год вайны зафіксавалі сотні выпадкаў сэксуальнага гвалту расейцаў над жанчынамі, мужчынамі, дзецьмі і прадстаўнікамі ЛГБТ

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.