Свабода паведамляла пра затрыманьне ў Віцебску грамадзяніна Ўкраіны Андрэя Шмая. Блог «Галасы» пагутарыў з жыхаркай Мікалаеўскай вобласьці Інай Макавей, якая сьцьвярджае, што яе сына Арцёма таксама арыштавалі ў Беларусі. Перадрукоўваем гэты тэкст.
«Ён ня лез у палітыку, працаваў дыджэем»
Яшчэ адзін грамадзянін Украіны, якога затрымалі беларускія ўлады, — Арцём Макавей, сьцьвярджае ягоная маці Іна. Арцёму 23 гады, ён працаваў дыджэем, езьдзіў з выступамі па Беларусі. Па словах маці Іны, Арцём Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства.
«У нас была цяжкая жыцьцёвая сытуацыя ў 2009 годзе. Мой муж памёр, я практычна год ляжала ў шпіталі зь пераломам хрыбта. Таму Арцём з 2009 году жыў у Беларусі, у Кобрынскім раёне ў бабулі. Там у нас шмат радні. Там жа ён скончыў школу, атрымаў адукацыю», — расказала маці затрыманага.
Іна Макавей сьцьвярджае, што сын не цікавіўся палітыкай. «Ён нідзе ня лез, нічога такога не пісаў нідзе. Адзінае што, мог у Іnstagram выкласьці якія-небудзь здымкі з падтрымкай Украіны. Тыя здымкі былі не ягоныя, ён іх браў у інтэрнэце. У яго сваякі цяпер ваююць, таму лягічна, што ён такія здымкі мог выкінуць», — кажа Іна Макавей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі праз два тыдні даведаліся, што гэта быў КДБ». Маці ўкраінца, які зьнік у Віцебску, расказала падрабязнасьці здарэньня«Выклікалі ў міграцыйную службу, прапанавалі прайсьці паліграф»
Іна Макавей расказвае, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і «прапаноўвалі там прайсьці паліграф». «Я ўсхвалявалася, пыталася: „Што ты зрабіў, чаму прапаноўвалі паліграф?“. Але сын сам не разумеў, чаго ад яго хочуць, за што выклікалі. Ён казаў, што ня меў ніякіх праблем з законам. У канцы студзеня да яго стукалі ў дзьверы незнаёмыя ў цывільным, ён баяўся ім адчыняць, бо ня ведаў, хто гэта. 27 студзеня Арцём зьнік, перастаў адказваць мне на паведамленьні», — кажа Іна Макавей.
Жанчына забіла трывогу, стала шукаць сына, пісала ягоным сябрам. Аднак ніхто нічога ня змог ёй патлумачыць. Іна толькі даведалася, што затрымлівалі ня толькі сына, але і ягоных сяброў. Іх у выніку адпусьцілі з-пад варты. Нядаўна Іна сама прыехала ў Беларусь.
«Мы даведаліся са сваякамі, што яго затрымалі 27 студзеня. Назаўтра яго ўжо завезьлі ў Берасьце. Ад міліцыі пачулі, што яго затрымаў КДБ. Я некалькі разоў езьдзіла ў Берасьце, хадзіла ў КДБ, каб даведацца, за што забралі майго сына, у чым ён вінаваты. Мне проста нічога не адказваюць, ухіляюцца ад адказу. Нават сказалі: „Адкуль вы ўзялі, што мы забралі?“ Адзінае, што паведамілі: „Ён нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь“. Больш ніякіх тлумачэньняў», — кажа ўкраінка.
Іна Макавей сьцьвярджае, што зьвярталася ў амбасаду Ўкраіны ў Беларусі, але «там нічым не дапамаглі».
«Я была і ў пракуратуры. Там сказалі, што на майго сына няма крымінальнай справы. Тады чаго яго трымаюць у СІЗА ў Берасьці? За што? Хіба ён каго забіў, абрабаваў?» — дзівіцца маці затрыманага.
Яна спадзяецца даведацца праўду пра затрыманьне Арцёма і пакуль ходзіць па інстанцыях, носіць яму перадачы ў СІЗА.
«Калі ўзяўся КДБ, то не пускаюць нават консула»
10 сакавіка амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім расказаў, што ў Беларусі затрымалі сем грамадзян Украіны.
«Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца, але калі ўзяўся КДБ, то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не гаворыць», — адзначыў Кізім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі пасол: у Беларусі арыштавалі сем грамадзян Украіны нібыта за шпіянаж, доступу консулаў да іх няма