Боепрыпасы зь белым фосфарам выпусьцілі ў аўторак з расейскіх пазыцый па бязьлюднай мясцовасьці каля гораду Часаў Яр на ўсходзе Ўкраіны. Аб гэтым паведамілі журналісты AFP.
Два снарады выпусьцілі зь інтэрвалам у пяць хвілін каля 16:45 па дарозе, якая вядзе да Бахмуту, цэнтру самай працяглай бітвы за апошні год.
За сьвісьцячым гукам снарадаў прагучалі выбухі боепрыпасаў. Яны выпускалі маленькія падпаленыя шарыкі белага фосфару, якія павольна падалі на зямлю.
Падаючы, фосфар падпаліў лес паабапал дарогі на плошчы, роўнай памеру футбольнага поля.
AFP не змагло пацьвердзіць, ці быў аб’ект абстрэлу пазыцыяй, якая ўтрымліваецца ўкраінскімі сіламі, але зялёны грузавік зь белым крыжам (апазнавальны знак УСУ) быў прыпаркаваны каля дарогі ў раёне пажару.
Найбліжэйшыя дамы знаходзяцца прыкладна за 200 мэтраў ад вонкавага краю пацярпелай тэрыторыі.
Боепрыпасы, якія зьмяшчаюць фосфар, зьяўляюцца запальнай зброяй, выкарыстаньне якой супраць цывільных асоб забаронена, але яна можа прымяняцца супраць вайсковых цэляў у адпаведнасьці з канвэнцыяй 1980 году, падпісанай у Жэневе.
Кіеў неаднаразова абвінавачваў Маскву ва ўжываньні фосфарных боепрыпасаў з пачатку вайны, у тым ліку супраць мірных жыхароў, што расейскае войска катэгарычна адмаўляла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: колькасьць пацьверджаных выпадкаў гібелі мірных жыхароў ва Ўкраіне перавысіла 8,1 тысячы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея з сакавіка спрабуе захапіць Бахмут на Данеччыне, але прасунулася толькі на некалькі кілямэтраў. Ідзе акопная вайна