Падрабязнасьці высьвятляў партал «Зеркало».
Паводле інфармацыі сайта, дапаўненьні ў малітву 15 сакавіка ўнесьлі па даручэньні біскупа Горадзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча «з улікам просьбы абласных уладаў». Пра гэта вернікам касьцёлаў расказалі ў нядзелю, 12 сакавіка. Ці паступала такая ж прапанова ў праваслаўныя цэрквы, невядома. Праваслаўны сьвятар, які служыць у адным з гарадоў Горадзенскай вобласьці, у размове зь «Зеркалом» адзначыў, што ў ягоным прыходзе падобных просьбаў не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчыма дамовіцца з Лукашэнкам? Дыскусія пра дзьве стратэгіі дэмакратычных сілаўУ самім горадзенскім аблвыканкаме чытачцы парталу Насьце пацьвердзілі, што такое распараджэньне з боку ўлады было, але назвалі яго «просьбай паўдзельнічаць у дзяржаўным сьвяце». Чытачка запісала гутарку з спэцыялістам у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў аблвыканкаму.
— Мне расказвалі, што ў касьцёлах будзе служба «аб прымірэньні і яднаньні» беларусаў. Выглядае так, нібыта гаворка пра палітыку, не зусім зразумела, чаму такое будзе праходзіць і пра каго гаворка.
— Чаму вы так лічыце? Гэта малітва не аб прымірэньні, а аб міры і стваральнай працы ў Рэспубліцы Беларусь.
— Але было сказана менавіта «пра мір, прымірэньне і яднаньне народу Беларусі». Незразумела, з кім мірыцца?
— Ня ведаю, пра якое прымірэньне, таму што ў нас і так прымірэньне ёсьць, мы ўсе жывём у міры і згодзе. Але калі дадаткова аб гэтым кожны чалавек памоліцца, мне падаецца, ад гэтага толькі карысьць будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падтрымае Бяляцкага, які заклікаў да нацыянальнага прымірэньня? Дыскусія экспэртаў— І яшчэ сказалі, што гэта ўсё з падачы аблвыканкаму. Атрымліваецца, што ўлады кажуць, якія павінны быць малітвы.
— Выканкам нікога ні пра што ня просіць. Ёсьць прапанова. Праходзіць дзяржаўнае сьвята, Дзень Канстытуцыі. Дзень Канстытуцыі гарантуе кожнаму чалавеку права на веравызнаньне. І рэлігійныя арганізацыі працуюць у рамках Канстытуцыі, як кожны грамадзянін. Гэта прапанова аб тым, каб сумесна з грамадзянамі паўдзельнічаць у адзначэньні гэтага сьвята і памаліцца аб міры і стваральнай працы ў Рэспубліцы Беларусь. Ня больш за тое.
— Тады ўсё яшчэ незразумела, гэта ж касьцёл, пры чым тут Канстытуцыя?
— Ну як гэта — пры чым тут Канстытуцыя? У вас касьцёл атрымлівае ад дзяржавы права не плаціць падаткі на зямлю, на нерухомасьць. Дык вы гэтым правам карыстаецеся ці не?
— Ну так.
— Ну вось бачыце, карыстаецеся. Гэта значыць, вы лічыце, што карыстацца правамі — гэта нармальна, а калі пра нешта папрасілі, то гэта ненармальна?
— Але мне здавалася, што рэлігія павінна быць асобна ад дзяржавы.
— Тады вам трэба цалкам плаціць падаткі і быць зусім асобнымі. Тут дзяржава ні ад кога нічога не патрабуе, тут толькі просьба. Ня ведаю, як у вас гэта гучала, але мы мелі зусім іншае на ўвазе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі разарвалі бясплатныя дамовы арэнды з чатырма касьцёламі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гістарычна так склалася». Ці законна маліцца па-польску ў Беларусі?