Паводле вэрсіі сьледзтва, 13 сакавіка 2022 г. расейскія салдаты зайшлі ў дом у Браварах Кіеўскай вобласьці, зьбілі мужчыну і прымусілі яго глядзець на згвалтаваньне жонкі. Пасьля гэтага двое салдат згвалцілі і іхную чатырохгадовую дачку. Як мяркуецца, салдаты былі п'яныя. Сьледчыя абвінавацілі ў гвалце 12 вайскоўцаў 15-й асобнай мотастралковай брыгады арміі РФ.
Абвінавачаныя ў згвалтаваньні дзяўчынкі былі снайпэрамі 28 і 32 гадоў. Ведамства называе імя толькі аднаго зь іх — Яўген Чарнакніжны, ён вярнуўся ў Расею. Другі мужчына загінуў. Reuters змагло знайсьці нумар Чарнакніжнага, але на званок адказаў чалавек, які назваўся яго братам. Ён паведаміў, што Чарнакніжны памёр, і заплакаў. Пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма, аднак пра гібель Яўгена Чарнакніжнага ў красавіку 2022 году паведамляла выданьне Orenday.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за год вайны зафіксавалі сотні выпадкаў сэксуальнага гвалту расейцаў над жанчынамі, мужчынамі, дзецьмі і прадстаўнікамі ЛГБТПасьля няўдалай спробы захапіць Кіеў расейскія салдаты, як адзначаюць сьледчыя Генпракуратуры Ўкраіны, перайшлі да запалохваньня мясцовага насельніцтва. Так, паводле вэрсіі сьледзтва, у адзін з сакавіцкіх дзён салдаты 15-й асобнай мотастралковай брыгады зьбілі пару сталага веку ў суседнім доме, згвалтавалі 41-гадовую цяжарную жанчыну і 17-гадовую дзяўчыну, а пасьля ўчынілі групавое згвалтаваньне 15-гадовай дзяўчыны і яе маці. Таксама яны, як адзначаюць у ГПУ, рабавалі мясцовае насельніцтва.
З самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну сталі зьяўляцца паведамленьні пра сэксуальны гвалт з боку расейскіх вайскоўцаў. За год актыўных баявых дзеяньняў улады Ўкраіны зафіксавалі сотні выпадкаў гвалту, учыненага ў адносінах да жанчын, мужчын, дзяцей і ЛГБТ-асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызначылі асобы пяцярых украінскіх дзяцей, якіх згвалтавалі расейскія вайскоўцы, — генпракурор УкраіныТак, у сьнежні мінулага году Генпракуратура Ўкраіны ўстанавіла 154 факты сэксуальнага гвалту над украінцамі з боку вайскоўцаў РФ. Злачынствы сэксуальнага характару былі ўчыненыя на ўкраінскіх тэрыторыях, якія былі акупаваныя расейскімі войскамі.
У ліпені 2022 году адмысловая прадстаўніца ААН па пытаньнях сэксуальнага гвалту ва ўмовах канфліктаў Праміла Патэн паведаміла пра 124 зафіксаваныя выпадкі сэксуальнага гвалту ва Ўкраіне. Паводле яе слоў, вядомыя дадзеныя — толькі вярхушка айсбэрга і не адлюстроўваюць маштабаў сэксуальнага гвалту ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны.