Сьцісла
- Падчас апошняга апытаньня Chatham House сярод беларусаў-гараджанаў статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай падтрымалі 16% апытаных.
- Паводле агульнанацыянальных апытаньняў НІСЭПД, у 2004–2015 гадах доля прыхільнікаў дзяржаўнасьці адной беларускай мовы вагалася ў інтэрвале 15–20%.
- У апытаньні НІСЭПД 2005 году за статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай сярод гарадзкіх рэспандэнтаў выказваліся 17%.
- У апытаньні 2021 году на плятформе «Голас», у якім узялі ўдзел каля 460 тысячаў беларусаў, за дзяржаўнасьць толькі беларускай мовы выказаліся 17% удзельнікаў.
- Значныя грамадзкія і палітычныя зьмены, якія адбыліся з 2004 па 2023 год, не прывялі да істотных зьменаў долі прыхільнікаў статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.
* * *
У апошнім апытаньні, праведзеным у студзені-лютым сёлета, брытанскі дасьледчы цэнтар Chatham House папрасіў беларусаў-гараджанаў выказаць сваё стаўленьне да тэзы «Беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай». Падтрымалі гэтую тэзу 16% рэспандэнтаў, нязгоду зь ёй выказалі 70%.
Абнародаваньне гэтых дадзеных выклікала грамадзкі розгалас, у іх абмеркаваньні ўзялі ўдзел Тацяна Шчытцова, Вадзім Мажэйка, Сяргей Навумчык , Арцём Шрайбман.
У прыватнасьці, Шрайбман выказаў меркаваньне, што «лічба тых, хто выступае за тое, каб беларуская была адзінай дзяржаўнай, можа хутка павялічыцца», хаця і выказаў пэўны скептызызм наконт такога разьвіцьця падзеяў.
Аднак, каб ацаніць імавернасьць такой пэрспэктывы, варта параўнаць дадзеныя сёлетняга апытаньня Chatham House з ранейшымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму даспадобы моўныя стандарты Лукашэнкі. Яшчэ раз пра дзяржаўнае двумоўеГэтае пытаньне ня вельмі часта задавалася падчас сацыялягічных апытаньняў у Беларусі. Аднак Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) тройчы — у 2004, 2005 і ў 2015 гадах — задаваў падобныя пытаньні ў сваіх апытаньнях.
Рэспандэнтам прапаноўваўся выбар з трох варыянтаў: «Адна дзяржаўная мова — беларуская», «Адна дзяржаўная мова — расейская», «Дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская». У апытаньні 2004 году за беларускую як адзіную дзяржаўную выказаліся 17% апытаных, у 2005 годзе — 20%, у 2015 годзе — 15% (гл. Табліцу 1 ).
З улікам гранічнай памылкі рэпрэзэнтатыўнасьці ў 3% (апытвалася калі 1000 рэспандэнтаў) атрымліваецца, што доля прыхільнікаў беларускай як адзінай дзяржаўнай практычна не мянялася на працягу 11 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якіх пераменаў хочуць беларусы? Вынікі апытаньня Chatham HouseАпытаньні НІСЭПД праводзіліся шляхам асабістых інтэрвію, выбарка прадстаўляла ўсё дарослае насельніцтва краіны. Апытаньні Chatham House праводзяцца онлайн і толькі сярод гарадзкога насельніцтва. Так што наўпрост супастаўляць дадзеныя двух дасьледчых цэнтраў не зусім карэктна.
Але вывучэньне базаў дадзеных НІСЭПД паказвае, што ў апытаньні інстытуту ў 2005 годзе сярод вяскоўцаў дзяржаўнасьць адной беларускай мовы падтрымлівалі 29%, сярод гараджанаў — 17%.
Такія адрозьненьні ў меркаваньнях жыхароў вёскі і гораду тлумачацца рознымі моўнымі паводзінамі: скажам, падчас перапісу 2009 году сярод вяскоўцаў беларускую пазначылі як мову штодзённай камунікацыі 58%, сярод гараджанаў — 11%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мова ад перапісу да перапісуНягледзячы на тое, што пытаньні ў дасьледаваньнях былі крыху розныя, можна параўнаць дадзеныя па гараджанах з апытаньняў НІСЭПД 2005 году з дадзенымі апытаньня Chatham House 2023 году. І адразу відаць амаль дакладнае супадзеньне — адрозьненьне на 1 адсоткавы пункт. За 18 гадоў зьменаў не адбылося.
Варта прывесьці таксама дадзеныя апытаньня, праведзенага ў 2021 годзе на плятформе «Голас» пра стаўленьне да розных палажэньняў Канстытуцыі. У галасаваньні на гэтай плятформе ўзялі ўдзел прыкладна 460 тысячаў грамадзянаў Беларусі. Наконт статусу моваў былі прапанаваныя два варыянты адказу: «Лічу, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь павінны зьяўляцца дзьве мовы — беларуская і расейская», і «Лічу, што дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь зьяўляецца беларуская мова, але Рэспубліка Беларусь павінна забясьпечваць права свабоднага карыстаньня расейскай мовай як мовай міжнацыянальных зносін». Першы варыянт падтрымалі 383 тысячы чалавек (82%), другі — 80 тысячаў (17%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плятформа «Голас» запусьціла апытаньне аб папраўках у КанстытуцыюАпытаньне на «Голасе» не было выпадковым, свае меркаваньні выказвалі тыя, хто хацеў іх выказаць. Галасаваньне па іншых прапанаваных канстытуцыйных палажэньнях паказвае, што пераважная большасьць тых, хто выказаўся ў гэтым апытаньні, не былі прыхільнікамі Аляксандра Лукашэнкі: у прыватнасьці, за падзел уладаў паводле Канстытуцыі 1994 году і за абмежаваньне двума тэрмінамі знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе адной асобы выказаліся адпаведна 95% і 99% з тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні.
А вось у пытаньні пра статус моваў яны не прадэманстравалі такой аднадушнасьці, але пераважнай большасьцю выказаліся за дзяржаўны статус для дзьвюх моваў. А за статус дзяржаўнай для адной беларускай — 17%, паказьнік, блізкі да таго, які фігураваў у адказах беларусаў-гараджанаў у апытаньнях НІСЭПД і Chatham House.
Вывучэньне гэтых дадзеных паказвае, што толькі 16% беларусаў-гараджанаў, якія выступалі за дзяржаўнасьць адной беларускай мовы ў апытаньні Chatham House сёлета, — гэта ня вынік зьбегу менавіта сёлетніх абставінаў, вайны і шалёнага наступу ідэалёгіі «русского мира». Гэта і ня вынік узьдзеяньня фактару страху.
І вайна, і наступ «русского мира» цяпер навідавоку. Аднак 18 гадоў таму побач зь Беларусьсю ніякай вайны не было. «Русский мир», аднак, і тады ў шапку ня спаў, хоць да цяперашняй ступені азьвярэньня яго і расейскіх, і беларускіх адэптаў было далёка. І ўзровень страху ў грамадзтве тады быў зусім іншы — соцень палітзьняволеных у верасьні 2005 году ў краіне не было. Той жа НІСЭПД, як і сотні іншых недзяржаўных арганізацыяў, хай і ў неспрыяльных умовах, але дзейнічалі ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская мова не бабулін сэрвіз, які дастаюць і праціраюць ад пылу толькі на сьвяты». Ініцыятыва «Годна» запускае моўны маратонАднак доля прыхільнікаў дзяржаўнасьці адной беларускай мовы, нягледзячы на кардынальныя зьмены сытуацыі, не зьмянілася ніяк.
Такім чынам, гэтую долю можна лічыць пэўнай канстантай. Прынамсі, такой яна была на працягу многіх гадоў. Зразумела, гіганцкія палітычныя, духоўныя, культурныя катаклізмы могуць зьмяніць гэты паказьнік. Але варта адзначыць, што за 19 гадоў такімі катаклізмамі ня сталі нават рэвалюцыя 2020 году і вайна Расеі ва Ўкраіне. Яны шмат што зьмянілі ва ўяўленьнях беларусаў, але ня ў гэтым пытаньні.
Палітыка не абавязаная сьлепа ісьці за масавымі ўяўленьнямі ў любым пытаньні. Але, па-першае, іх і асабліва іх дынаміку (ці яе адсутнасьць) трэба ведаць і ўсьведамляць — і не рабіць выснову наконт усяго грамадзтва на падставе сваёй «бурбалкі» ў сацыяльных сетках.
А па-другое, варта прынамсі адэкватна разьлічваць цану рашэньняў, якія ідуць насуперак шматгадовым стабільным жаданьням і ўяўленьням пераважнай большасьці беларусаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.