У справаздачы Human Rights Watch адзначаецца, што Расея нясе адказнасьць за крызіс, зь якім сутыкнуліся гэтыя дзеці, але вайна ўзмацняе неабходнасьць таго, каб Украіна пры падтрымцы замежных урадаў і гуманітарных арганізацый спыніла разьмяшчэньне дзяцей у спэцыяльных установах.
«Украінскія дзеці, якія былі разьмешчаныя ў дзіцячых установах савецкага часу, цяпер сутыкаюцца зь вялікай рызыкай праз вайну Расеі з Украінай. Неабходныя ўзгодненыя міжнародныя намаганьні для выяўленьня і вяртаньня ўсіх дзяцей, якія былі або застаюцца ў інтэрнатах, і для падтрымкі, каб яны маглі жыць са сваімі сем’ямі і ў супольнасьці», — сказаў Біл Ван Эсвэльд, намесьнік дырэктара Human Rights Watch у пытаньнях дзяцей.
Паводле арганізацыі, да поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіне ў інтэрнатных установах знаходзіліся больш як 105 тысяч дзяцей. Гэта найбольшы паказчык у Эўропе пасьля Расеі.
Прадстаўнікі Human Rights Watch наведалі 12 дзіцячых дамоў у Львоўскай вобласьці і яшчэ тры ў Лодзі (Польшча), куды эвакуавалі ўкраінскіх дзяцей з раёнаў баявых дзеяньняў.
Паводле арганізацыі, 9 з 10 дзяцей маюць бацькоў з поўнымі бацькоўскімі правамі і былі накіраваныя ў інтэрнат з прычыны беднасьці іхных сямей або праз інваліднасьць дзяцей. Праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на тое, што часта разам з дзецьмі эвакуавалася толькі невялікая частка пэрсаналу і ён быў зьнясілены кругласутачнай працай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расея актывізавала незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый УкраіныАпроч таго, у часе эвакуацыі дзяцей за мяжу былі выпадкі, калі братоў і сясьцёр разлучалі.
«Гэтая жорсткая вайна паказала неабходнасьць спыніць усе небясьпекі, зь якімі сутыкаюцца дзеці, разьмешчаныя ў спэцыялізаваныя ўстановы. Вяртаньне дзяцей, незаконна захопленых расейскімі войскамі, павінна быць міжнародным прыярытэтам», — перакананы Ван Эсвэльд.
Праваабаронцы нагадалі, што перамяшчэньне Расеяй дзяцей з украінскіх устаноў на сваю або акупаваную тэрыторыю зьяўляецца ваенным злачынствам.
Паводле ўраду Ўкраіны, 100 устаноў, у якіх да 2022 году ўтрымлівалі больш як 32 тысячы дзяцей, знаходзяцца ў рэгіёнах, часткова або цалкам акупаваных Расеяй.
У траўні 2022 году расейскі парлямэнт унёс зьмены да законаў, якія дазваляюць выдаваць расейскае грамадзянства ўкраінскім дзецям для далейшага іхнага ўсынаўленьня ў Расеі.
Згодна з міжнародным правам, міждзяржаўнае ўсынаўленьне ў часе ўзброеных канфліктаў забаронена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея вывезла з Херсонскай вобласьці некалькі тысяч дзяцейВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.