Урачыстая цырымонія адбылася ў Кіеве, у гадавіну заснаваньня палка імя Кастуся Каліноўскага, паведамляецца на сайце Рада БНР.
«Фактычна гэта першая вядомая з часоў Рэчы Паспалітай цырымонія ўручэньня беларускіх дзяржаўных узнагародаў за адвагу на полі бою», — пракамэнтаваў падзею сябра Прэзыдыюму Рады БНР Алесь Чайчыц.
Імёны ўзнагароджаных не паведамляюцца ў мэтах бясьпекі.
«Дэкрэт аб узнагароджаньні я падпісала ў дзень 160-годзьдзя паўстаньня Кастуся Каліноўскага на землях Беларусі, — адзначыла ў сваёй прамове старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая на цырымоніі трансьлявалася ў відэазапісе. — Нашая задача — завершыць тое, за што змагаліся Кастусь Каліноўскі і ягоныя паплечнікі: вызваліць Беларусь ад дыктатуры і замежнай акупацыі, зрабіць Беларусь свабоднай краінай, дзе кожнаму беларусу і кожнай беларусцы будзе вольна жыць.
Уся Беларусь моліцца за беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Ўкраіне супраць нашага агульнага гістарычнага ворага, і спадзяецца на вас. І самае галоўнае для кожнага беларуса ў сьвеце цяпер — дапамагаць вам, хто як можа, каб вы прынесьлі перамогу Беларусі і беларускаму народу».
Паводле статуту мэдаля, ён «даецца за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця і з абаронай свабоды, сувэрэнітэту й дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасьці, пры выкананьні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананьні спэцыяльных заданьняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зноў зьбіраюся на фронт». Вялікая размова зь Дзянісам Урбановічам- Летась у лістападзе Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла абвясьціла пра заснаваньне новай узнагароды Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — мэдаля «Пагоні». «Гэтым мэдалём Рада БНР да складаньня сваіх паўнамоцтваў будзе адзначаць выбітныя заслугі перад Беларусьсю і беларускім народам», — патлумачыла тады старшыня Рады.
- Першым узнагароджаньнем мэдалём «Пагоні» пасьмяротна адзначаныя «героі, якія за свабоду Беларусі ахвяравалі самым дарагім, што мелі, — уласным жыцьцём», а менавіта беларускія актывісты і пратэстоўцы, якія загінулі ў сувязі зь беларускімі пратэстамі 2020–2021 гг., беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне ў 2022 г., а таксама беларускія добраахвотнікі і ваяры, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці і на вайне ва Ўкраіне з 2014 г.